У Мінску прайшла Імша Хрызма і пастырская сустрэча святароў: служэнне святара без любові не мае сэнсу |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.04.2017 13:48 |
13 красавіка, у Вялікі чацвер, у мінскай архікатэдры на Імшу Хрызма сабраліся святары, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай вобласці. Разам з душпастырамі маліліся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Эўхарыстычную літургію ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. У гэтым годзе ў прэзбітэрыі знаходзіліся таксама святары, якія сёлета адзначаюць юбілей святарства або круглую дату нараджэння.
Арцыпастыр звярнуўся да душпастыраў са сваім словам. «Жыццё і служэнне святара без любові не мае сэнсу. Каб сапраўды любіць, неабходна самому быць чыстым. Наколькі святар жыве духам цэлібату, настолькі ён моцны Богам. Узорам святарскай духоўнай чысціні з'яўляецца Хрыстус. А святарская чысціня з'яўляецца крыніцай пастырскай любові», — нагадаў іерарх. Сярод важных характарыстык вельмі прыгожага і адказнага паклікання — паклікання святара — мітрапаліт назваў таксама малітву, пакору, сведчанне жыцця, пастырскую дзейнасць. «Сілай святарскага сведчання з'яўляецца малітва. Хто паважае і любіць іншага чалавека, той часта з ім размаўляе. Падобна і ў адносінах з Богам: хто верыць, паважае і любіць Бога, той часта размаўляе з Ім на малітве. Святар — гэта чалавек малітвы», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ранішняя Імша Хрызма ў Вялікі чацвер — знак еднасці біскупа са святарамі мясцовага Касцёла. Падчас яе цэлебрацыі ўзгадваецца ўстанаўленне святарства і Эўхарыстыі, якія непарыўна звязаны паміж сабою. Таму падчас гэтай Імшы святары з усёй дыяцэзіі, як гэта адбылося і сёння ў Мінску, аднаўляюць абяцанні, дадзеныя падчас прэзбітэрскага пасвячэння. Падчас Імшы Хрызма па традыцыі адбылося благаслаўленне алею хворых, які ўжываецца ў сакрамэнце хворых, і алею хрызма. Хрызма выкарыстоўваецца ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі на знак далучэння таго, хто прымае гэтыя сакрамэнты, да Божага народа, а таксама пры пасвячэнні біскупа і святароў на знак іх святарскай годнасці ў іерархіі Касцёла.
На заканчэнне Эўхарыстыі манахіні, якія нясуць служэнне пры парафіях у Мінскай вобласці, павіншавалі святароў з іх святам. Пасля Імшы прайшла пастырская сустрэча, падчас якой да душпастыраў звярнуўся з прамовай Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.
«Езус устанаўлівае Эўхарыстыю для таго, каб быць сярод нас, каб сваёй прысутнасцю наталяць прагненне вечнасці, якая ўпісана ў сэрца кожнага чалавека. Ён кліча некаторых да асаблівай паслугі ў сваім Касцёле, каб запэўніць гэтую прысутнасць у кожным месцы свету», — нагадаў нунцый. Іерарх таксама заўважыў, што часам святары і кансэкраваныя асобы страчваюць радасць ад свайго служэння. «Вельмі важна адкрыць для самога сябе, кім ты з’яўляешся і кім жадаеш быць. Калі ўсведамляеш, хто цябе паклікаў, да чаго Ён цябе кліча, што праз цябе здзяйсняе, — як можна не быць шчаслівым?» — падкрэсліў арцыбіскуп Габар Пінтэр. Падчас пастырскай сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў аб заснаванні катэдральнага капітула ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. (VGr) |
Фотарэпартаж |