Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Стаць правадырамі для вернікаў» заклікаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB святароў падчас Імшы Хрызма
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2017 21:15

13 красавіка, у Вялікі чацвер, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылася Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. На Імшу прыбылі святары магілёўскай часткі архідыяцэзіі і манаскія сёстры.

 На службе Богу і людзям

Біскуп павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства, заахвоціўшы «маліцца за Святога Айца ў чацвёртую гадавіну яго абрання на Пятровы Пасад, за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, яго дапаможных біскупаў, за святароў асабліва аб новыя пакліканні з магілёўскай зямлі».


У лучнасці з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім біскуп Аляксандр зачытаў духавенству і вернікам яго словы да святароў на Вялікі чацвер і інтэграваў сваімі ўласнамі разважаннямі.

«Дарагія браты ў святарскім служэнні магілёўскай часткі нашай архідыяцэзіі! Дазвольце і мне, пасля гэтых слоў настаўлення і заахвочвання нашага арцыпастыра, як біскупу, які нясе разам з вамі служэнне на Магілёўшчыне, падзякаваць за вашае святарскае пакліканне.


Падзякаваць вам за супрацоўніцтва, за раздзяленне майго біскупскага служэння і за руплівасць у выкананні тых выклікаў, якія ставіць перад намі штодзённасць. А гэта і будаўніцтва, і рамонты, і нястомнае аднаўленне месцаў культу, у першую чаргу аднаўленне хрысціянскіх традыцый, умацаванне рэлігійнага жыцця вернікаў і перадача веры маладому пакаленню.

Таксама па тэме:

Дзякую вам за адвагу прыняць самоту і за тое цярпенне, якое крыецца ў вашых святарскіх сэрцах, якія вядомыя толькі Богу і вам.
Вам, дарагія мае святары, хачу сказаць, што вы патрэбныя магілёўскай зямлі, каб абвяшчаць Бога, які здольны вызваліць скаваныя чалавечыя сэрцы з путаў граху і цемры. Вы патрэбныя, каб дзякуючы вашаму служэнню і сведчанню, у сэрцах маладых людзей абуджаць пакліканне да святарства і жаданне служыць магілёўскаму народу.


У сёняшнім Евангеллі паводле св. Лукі мы чытаем такія словы:  «Дух Пана на мне» (Лк 4,18). Евангеліст падкрэслівае, што ў час чытання Езусам гэтага тэксту «вочы ўсіх у сінагозе былі звернутыя на Яго. Ён пачаў гаварыць да іх: Сёння спраўдзілася пісанне гэтае, пачутае вамі» (Лк. 4, 20-22). Сабраныя слухачы адчувалі, што Хрыстус абвяшчаў ім штосьці вельмі важнае.

Калі Езус з’явіўся ў Назарэце і ў святыні чытаў кнігу Ісаі, вочы тых, хто ў дзень шабату маліўся, былі засяроджаны на Ім, таму што пачалі распазнаваць жаданага, так чаканага Месію. Ён гаварыў ім аб рэчах надзвычайных, аб знаках, праз якія можна пазнаць Збаўцу: нясенне Добрай навіны ўбогім, прапаведаванне, палонным вызваленне, вяртанне сляпым зроку і свабоду спакутаваным.


Дарагія святары, кожны з нас павінен памятаць, што вочы нашых вернікаў і іншых людзей звернутыя на нас. Людзі патрабуюць нас. Яны шукаюць прыкладаў, якія будуць для іх ўзорам паводзін у штодзённасці.

Яны чакаюць таксама адказаў на галоўныя пытанні, якія хвалююць іх розум і сэрца, а перад усім дамагаюцца ад нас прыкладу жыцця. Трэба стаць іх сябрамі і правадырамі ў іх змаганнях. Дапамагчы ім будаваць фундамент пад будучае жыццё. Дабро Божага Народа няхай будзе турботай нашай штодзённасці, а таксама катэхетычнай і выхаваўчай працы.


Жадаю каб і надалей нашае святарскае служэнне давала нам вялікую радасць, якую немагчыма параўнаць з ніякай іншай радасцю. Са свайго боку і з боку ўсіх вернікаў запэўніваю ў падтрымцы, айцоўскай дапамозе і ўдзячнасці», — сказаў біскуп святарам.

На завяршэнне Эўхарыстыі іерарх зачытаў паведамленне аб заснаванні катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і павіншаваў двух канонікаў з Магілёўшчыны — кс. Андрэя Яркаўца і кс. Андрэя Далянскага.

Падчас Імшы адбылося благаслаўленне алею хворых і хрызма.  Таксама са словамі віншавання ў адрас прысутных святароў звярнуліся вернікі.

Іван Багдановіч
Фота Мар’ям Лавал

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.