Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі і госці Ішкалдзі адзначылі парафіяльнае свята
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.06.2012 15:58

3 чэрвеня 2012 г. вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі адсвяткавалі адпустовую ўрачыстасць. Па традыцыі на свята сюды прыехалі шматлікія вернікі з ваколіцы, а таксама з Баранавіч, Мінска і іншых гарадоў.

Сёлета касцёл у Ішкалдзі святкуе 540 гадоў свайго існавання і з’яўляецца найстарэйшай каталіцкай святыняй у нашай краіне, захаванай ад знішчэння.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў кс. Эдмунд Друз TChr, дырэктар Душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі. Святочную гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, прапанаваўшы паразважаць на тэму адной з вялікіх таямніц  нашай рэлігіі — Найсвяцейшай Тройцы, якую ў той дзень урачыста ўшаноўвалі вернікі ішкалдскай парафіі.

«Да самых вялікіх таямніц нашай рэлігіі  можам аднесці Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі, уцелаўленне Сына Божага, таямніцу Эўхарыстыі, а таксама таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, — адзначыў святар. — Схіляем сёння перад гэтымі таямніцамі свае галовы, праслаўляем Бога і дзякуем Яму за тое, што, праз веру ў гэтыя таямніцы вядзе нас да сябе».

Далей кс. Юрый Марціновіч разважаў над тым, што людзі не здолеюць пазнаць на зямлі ўсю праўду пра Найсвяцейшую Тройцу, «аднак ведаем столькі, колькі нам патрэбна для збаўлення. Ведаем, што трэба нам старацца, каб нашыя душы былі памяшканнямі Найсвяцейшай Тройцы, што трэба нам жыць у асвячальнай ласцы і старацца супрацоўнічаць з Найсвяцейшай Тройцай».

Падчас Імшы вернікі дзякавалі Богу Айцу за тое, што з любові стварыў усіх людзей, Сыну Божаму за тое, што стаўся чалавекам, Святому Духу за няспыннае кіраванне Касцёлам. Пасля літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія.

Напрыканцы Імшы пробашч парафіі кс. Мацей Шмытоўскі TChr запрасіў усіх вернікаў на нядзелю 17 чэрвеня на ўрачыстую літургію ў 12.00, што ўзначаліць біскуп Казімір Велікаселец, якія працаваў у Ішкалдзі пасля святарскага пасвячэння.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.