Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Будслаў вырушыла пілігрымка з Баранавіч
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.06.2013 10:48

27 чэрвеня з касцёла Маці Божай Фацімскай у Баранавічах вырушыла пілігрымка Баранавічы — Будслаў. Святую Імшу з удзелам амаль 150 пілігрымаў узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі, звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх звярнуў увагу, што пілігрымка нагадвае з Бібліі пра вандроўку першых людзей – пераход да шчаслівай вечнасці, які здзейснілі Абрагам, Майсей і выбраны народ, які ішоў 40 гадоў па пустыні. Была пілігрымам і Божая Маці Марыя.

«Наша вандроўка мае глыбокі сэнс: мы хочам скласці Найсвяцейшай Панне Марыі пашану, удзячнасць і праслаўленне і адчуць Яе жывую прысутнасць, — адзначыў біскуп. — Мы, дзеці Марыі, ідзём слядамі Яе дарогі веры, любові і надзеі. У канцы вандроўкі нас чакае Бог. Ён мэта ўсяго стварэння».

Маці Божая, як дадаў пінскі ардынарый, дае ўпэўненасць, «што дасягнем той самай мэты, што і Яна». «Увайсці ў нашу „Абяцаную Зямлю“ нельга інакш, як толькі ідучы за Хрыстом крыжовым шляхам. Гісторыя Касцёла прадстаўлена як дарога, вызначаная Тым, які сам з’яўляецца дарогай, вядучай да жыцця», — сказаў біскуп.

Пілігрымка — гэта таксама школа асабістых ахвяр, адрачэнняў, важных, калі «атакуе зло, каб не паддацца яму», «калі знаходзімся на дарозе да дабра, але з’яўляюцца ўсё новыя перашкоды», каб «вытрываць, каб даказаць, што мы вучні Пана і Яго Маці Марыі».

Па словах іерарха, вернікі, ідучы да Маці Божай Будслаўскай, хочуць «падзякаваць за ўсё, чым Бог нас кожны дзень адорвае», а таксама нясуць да Яе свае просьбы. «Звяртаемся з просьбай да Марыі аб парадах на далейшае нашае жыццё. Каб жыцця не змарнаваць, не прайграць, але ўчыніць яго больш чалавечым і шчаслівым», — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка.

Поўны тэкст гаміліі>>>

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.