15 снежня, у ІІІ Нядзелю Адвэнту, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка неспадзявана наведаў парафію Нараджэння Божай Маці ў Гомелі. Вяртаючыся з сімпозіума на тэму сужэнства і сям'і ў Мінску, іерарх завітаў у Гомель.
“Так і Езус прыйдзе нечакана, таму варта чуваць, каб быць заўсёды падрыхтаванымі да Ягонага прыйсця”, - адзначыў пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі, кажучы пра прыезд пінскага ардынарыя.
Біскуп узначаліў святую Імшу, падчас якой звярнуўся да парафіян з гаміліяй. “Гэта радаснае чаканне сустрэчы з Панам, - адзначыў іерарх. - Радасць з таго, што мы рыхтуемся да прыходу ў свет Збаўцы Езуса Хрыста. Як заклікае прарок Ісая: узрадуйся, зямля, узрадуйся, уся прырода! І гэты час ужо заканчваецца, вось-вось Ён прыйдзе, і таму гэта вялікая радасць. Радуемся, бо рыхтуем гэты прыход”.
“Але якім чынам?” – працягваў біскуп і звярнуў увагу вернікаў на яслі, у якіх нарадзіўся Хрыстус: “У якой паставе мы бачым Маці Божую? Яна стаіць напалову сагнуўшыся, укленчыўшы. Яна гатовая выканаць кожнае пажаданне Збаўцы. Таксама і святы Юзаф-Апякун. Бачым і тых, хто прыходзіць да яселек: пастухі і Тры мудрацы. Яны таксама пахіленыя, гатовыя і аддаць пашану, і выканаць любую волю Пана”.
Па словах іерарха, “калі ў святога Яна Хрысціцеля розныя людзі пыталіся, што трэба рабіць, каб падрыхтавацца да спаткання з Месіяй, ён не зачыніў дзверы нікому, а сказаў, што кожны мае права рыхтавацца да спаткання, бо Езус, як Збаўца, прыходзіць для ўсіх, не для адной якойсьці катэгорыі асоб, але для ўсяго свету: хто жыў, жыве і будзе жыць”. “Збаўчая моц датыкае кожнага, і для гэтага трэба мець адпаведную паставу, - падкрэсліў біскуп. - Як святы Ян Хрысціцель, які адзначаўся пакорлівасцю, вельмі важнай цнотай для падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння”.
Наступны візіт біскупа Антонія Дзям’янкі ў Гомель запланаваны на 30 снежня, іерарх падзеліцца з мясцовымі вернікамі радасцю свята Божага Нараджэння. Паводле гомельскага каталіцкага сайта Нараджэння Божай Маці
(AG)
|