18 жніўня 2014 г. у санктуарый у Лагішыне (Пінская дыяцэзія) вырушылі дыяцэзіяльныя пілігрымкі з Бярозы і Баранавічаў. Традыцыйныя ўрачыстасці з нагоды свята абраза Маці Божай Каралевы Палесся адбудуцца ў Лагішыне 21-22 жніўня. Імшу на пачатак пілігрымкі Баранавічы-Лагішын у касцёле св. Зыгмунта ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пілігрымка ў Лагішын з Бярозы пачалася Імшой у касцёле Найсвяцейшай Тройцы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў баранавіцкай пілігрымкі, біскуп Антоні Дзям’янка сказаў: “Углядаючыся ў твар Каралевы ў цудадзейным абразе Лагішынскага санктуарыя, каранаваны кардыналам Казімірам Свёнтакам, стагоддзе народзін якога сёлета мы адзначаем, мы хочам памаліцца аб моцнай веры для нас і аб чулым сумленні на справы Божыя і чалавечыя”. Па словах іерарха, пілігрымка - гэта “нагода, каб у асаблівай атмасферы паразважаць, што Бог хоча сказаць мне на далейшае жыццё”; гэта “час, каб праз духоўныя практыкі, распрацаваныя арганізатарамі пілігрымкі, умацаваць веру, узмацніць яе”.
Кажучы пра веру, пінскі ардынарый нагадаў, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла гаворыць аб ёй як аб ласцы, якую Бог дае кожнаму. “Але дар можна і згубіць, калі не клапаціцца аб яго развіцці”, - заўважыў біскуп і дадаў таксама, што хрысціянская вера – гэта вера “не ў штосьці, але ў Кагосьці: веру ў Бога Усемагутнага, Езуса Хрыста, у Духа Святога”; “гэта прыязнасць, лучнасць, якая абапіраецца на любоў”.
Як адзначыў іерарх, большасць людзей выносіць веру “з дому, з сямейнага асяроддзя, дзе захоўваюцца рэлігійныя традыцыі”, але “потым наступаюць змены”. Важна, падкрэсліў пінскі ардынарый, “каб з традыцыйнай вера перафармавалася ў сталую, гэта значыць каб вера абапіралася на свядомы выбар”. “Мы сістэматычна павышаем узровень сваёй адукацыі, а паняцце веры часта застаецца на ўзроўні ведаў да Першай святой Камуніі, - звярнуў увагу біскуп. - А мы павінны дастасаваць веру да ўзросту розуму і ведаў дарослага, а калі такое не зрабіць, то лёгка можна адкінуць веру як штосьці дзіцячае”. Для веры ж поўнай і глыбокай неабходна, па словах іерарха, “пазнанне Бога, Яго навукі так, як прадставіў гэта Езус Хрыстус”.
Біскуп заўважыў, што “вялікая, моцная вера - гэта глыбокая сувязь з Богам, гэта любоў, якая патрабуе пазнаць і палюбіць Яго, гэта ўменне пераадолець цяжкія хвіліны, названыя выпрабаваннем веры, калі нападаюць спакусы, што Бога няма”, таму “неабходна малітва аб узрастанні веры, яе паглыбленні”.
Пінскі ардынарый падзякаваў удзельнікам пілігрымкі за тое, што яны прынялі рашэнне вырушыць у шлях. Такім чынам, як сказаў іерарх, яны сведчаць “аб каштоўнасцях, якія выбіраюць, перад тымі, з кім спаткаюцца на гэтым доўгім чатырохдзённым шляху ў 150 кіламетраў”, які праходзіць праз Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі і Пінскі раёны Брэсцкай вобласці. Біскуп пажадаў пілігрымам, каб прыклад іх “ахвярнасці, веры і любові да Езуса Хрыста і Яго Маці Каралевы Палесся ў Лагішынскім абразе” ўмацаваў іх веру і веру тых, хто будзе з імі сустракацца, вітаць іх, даваць прытулак на начлег, хто, не маючы магчымасць асабіста прыбыць у санктуарый, будзе прасіць іх аб заступіцкай малітве да Каралевы Палесся. Праграма ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай Лагішынскай>>>
(AG)
|