20 жніўня 2014 г. на шляху пілігрымкі з Бярозы ў Лагішын адбылася святая Імша для яе ўдзельнікаў, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Дыяцэзіяльныя пілігрымкі з Бярозы і Баранавічаў вырушылі ў санктуарый у Лагішыне 18 жніўня. Традыцыйныя ўрачыстасці з нагоды свята абраза Маці Божай Каралевы Палесся адбудуцца ў санктуарыі 21-22 жніўня.
Звяртаючыся да пілігрымаў падчас Імшы, біскуп сказаў, што час вандроўкі да Маці Божай Лагішынскай з’яўляецца “часам, запоўненым малітвай, слуханнем штодзённых духоўных канферэнцый, удзелам у святой Імшы, спатканнем з Міласэрным Богам у сакрамэнце пакаяння і паяднання”. Для многіх падарожнікаў, па словах пінскага ардынарыя, гэта “дні, калі ў святле Божага слова яны глядзяць на сваё жыццё, адкрываюць сваё пакліканне, умацоўваюць веру і надзею, неабходную для сапраўднага хрысціянскага жыцця”.
У пілігрымцы, звярнуў увагу іерарх, можна адчуць, “што Касцёл - гэта наш дом, адчуць сілу і неабходнасць малітвы - індывідуальнай, супольнай, малітвай спевам, сваімі словамі, малітвай на каленях, малітвай нагамі, пераадольваючы кіламетры да мэты пілігрымкі”. “Калі мы чытаем Біблію, то ўсведамляем, што вандроўка – пастаянны элемент фармацыі людзей, якія ішлі за Богам”, - дадаў біскуп.
Важна памятаць, па словах пінскага ардынарыя, і пра тое, што “калі пілігрымка дае шанс пасябраваць мацней з жывым і дзеючым Богам, адкрыцца на Яго прысутнасць і апеку, то той, якога Біблія называе бацькам хлусні, будзе старацца ў гэтых рэкалекцыях перашкаджаць”. “Праціўнік страшыць тым, што не дойдзеш, што ў цябе не будзе столькі сіл, што лепей вярнуцца цяпер дадому”, - адзначыў іерарх і падкрэсліў, што трэба маліцца аб вытрымцы ў пілігрымцы: “Пане, дай мне сілы давесці намер да канца. Калі я скарыстаю з Тваёй ласкі, то адкрыешся і надалей для мяне, каб і далей мяне весці ў неба”.
Нагадваючы, што ў перыяд падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме бягучы год у адпаведнасці з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі быў аб’яўлены Годам малітвы, біскуп адзначыў, што малітва – гэта “паказчык нашай веры і любові да Бога, спосаб вырашэння розных, і нават вельмі складаных праблем”.
Біскуп пажадаў удзельнікам пілігрымкі працягваць гэтыя рэкалекцыі ў дарозе, адважна пераадольваць цяжкасці, ахвяруючы іх за сябе, за сем’і, сяброў, парафіі, хворых людзей, не паддавацца спакусе спыніцца. Іерарх запэўніў, што моліцца за іх і з імі, а асабліва за тых, хто ідзе ў пілігрымцы першы раз. Праграма ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай Лагішынскай>>>
(AG)
|