Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма адбылася ў пінскім катэдральным касцёле і гомельскім касцёле
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.04.2015 16:20

2 красавіка, у Вялікі чацвер, святая Імша Хрызма адбылася ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На Імшы сабраліся святары і кансэкраваныя асобы Брэсцкай акругі і шматлікія вернікі.

Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Падчас Імшы былі асвячаны алеі хворых і хрызма.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў: “Мы можам уявіць сабе Вялікі чацвер, позні вечар, калі сонца схілілася на захад, дванаццаць апосталаў разам са сваім Настаўнікам садзяцца за стол у падрыхтаваным памяшканні. Там, падчас справавання важнай вячэры на ўспамін цудоўнага выхаду з егіпецкай няволі пануе асаблівая атмасфера. Усе спажываюць прадпісаную Майсеевым законам ежу. Спажываюць яе ў маўчанні і малітоўнай засяроджанасці, спрабуючы ўявіць сабе выхад з Егіпту. Хрыстус на самым пачатку сказаў, што гэта Яго апошняя вячэра. І вось пасля заканчэння вячэры Хрыстус кажа пра здраду. Вучні здзіўленыя — хто гэты здраднік? Адзін з вучняў, Юда, пакідае супольнасць. Тады Езус узяў у рукі хлеб і, благаслаўляючы, сказаў: «Гэта Маё Цела, бярыце і ешце». Затым узяў келіх віна і прамовіў: «Гэта Кроў новага запавету з вамі, бярыце і піце». Можам уявіць сабе, наколькі моцнае ўражанне зрабілі на апосталаў пачутыя словы. Той звычайны хлеб, які яны толькі што елі, становіцца Яго Целам. Віно, якім некалькі хвілін таму яны запівалі стравы, становіцца Яго Крывёю. Напрыканцы апосталы пачулі: «Гэта чыніце на Маю памяць». Іншымі словамі, тое, што яны ўбачылі, павінны самі паўтараць. Абрад абмывання ног стаў для іх таксама незразумелым. Настаўнік абмыў ногі вучням і мусіў пераконваць іх у тым, што паступіў слушна”.

“Для святароў тое, што адбылося ў Вялікі чацвер, з’яўляецца таямніцай самога Бога. Святкуючы яе ўспамін, мы таксама сёння ўдзельнічаем у вялікай таямніцы Божай любові”, - дадаў пінскі ардынарый.

“Вялікай патрэбай нашых дзён з’яўляецца просьба да Езуса Хрыста, каб выслаў работнікаў на сваё жніво. Наша дыяцэзія востра адчувае недахоп святароў. Гэты нямы крык разносіцца сёння на Палессі, каб было каму ажыццяўляць Хрыстовае служэнне на гэтых тэрыторыях. Калісьці наш папярэднік і апякун, святы Андрэй Баболя, хадзіў па гарадах і вёсках, засяваючы Божае Слова. Яго мучаніцкая кроў дапамагла вытрываць Евангеллю ў сэрцах людзей”, - нагадаў іерарх.

“Я скіроўваю да святароў, кансэкраваных асобаў і да вас, умілаваныя вернікі, вялікую просьбу аб малітве ў інтэнцыі новых пакліканняў і аб вытрымцы для пакліканых. Святароў усё яшчэ вельмі мала. Прымем да сэрца гэтыя словы і ўсюды, дзе мы ёсць, будзем маліцца аб добрых працаўніках на жніве Пана”, - заахвоціў біскуп.

Вернікі пінскага катэдральнага касцёла павіншавалі святароў з Днём святарcтва. Кожны са святароў атрымаў ад пробашча катэдральнай парафіі а. Пятра Бялевіча падарунак – матэрыю для цэлебрацыі святой Імшы.

У гэты дзень дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец цэлебраваў святую Імшу Хрызму ў гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці. У Імшы прынялі ўдзел святары і кансэкраваныя асобы з Гомельскай акругі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.