Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гомельскім касцёле ў Вялікую пятніцу прайшла літургія Мукі Пана
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.04.2015 16:23

3 красавіка, у Вялікую пятніцу, якая ўслед за Вялікім чацвяргом працягнула Пасхальны Трыдуум, у гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец узначаліў літургію Мукі Пана.

На яе пачатку святары ляглі на падлогу крыжам і маліліся, паўтараючы малітву Хрыста ў Гетсіманскім садзе. Усе вернікі падчас літургіі кланяліся крыжу Езуса і цалавалі яго.

“Хай гэтая праўда пра прыбітага да крыжа Езуса будзе падмуркам нашага жыцця, - заклікаў біскуп. - І тады сэрца будзе напоўнена радасцю, калі выканаем самыя галоўныя запаведзі: любіць Бога і бліжняга”.

Пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі заклікаў вернікаў прасіць Пана, каб “адкрыў, паказаў кожнаму яго крыж”, “таму што крыж - гэта вялікі дар ад Бога”, “без крыжа не было б і выратавання”, “Бог хоча, каб кожны з нас перамог, як перамог Езус, таму кожнаму дае свой крыж”. Святар дадаў, што кожны раз, здзяйсняючы грэх, мы забіваем дабро, прыгаворваем Езуса да пакарання смерцю, зноў і зноў крыжуем Яго: “І прыйсці да збаўлення можна толькі тады, калі ўсведамляеш свае слабасці, сваю грахоўнасць. Крыж нам кажа пра тое, як мы разбурылі, знішчылі, знявечылі Езуса Хрыста сваімі грахамі. Гэта праўда пра кожнага з нас. І праз крыж Бог кажа: паглядзі, як Я люблю цябе, адкрый для Мяне сваё жыццё”.

Велікоднае ўсяночнае чуванне пачнецца ў гомельскім касцёле 4 красавіка ў 23.00. На Вялікдзень, 5 красавіка, Імшы пройдуць у 9.00 і 12.00.

Паводле katolik-gomel.by

(AG)

 

 

Фота katolik-gomel.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.