4 красавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстасць Пасхальнай вігіліі ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
«З патройным спевам “Святло Хрыста” мы ўнеслі велікодную свечку ў запоўнены цемрай касцёл. Святло пасхала і нашых свечак памалу перамагло цемру, — адзначыў іерарх, звяртаючыся падчас урачыстасці да вернікаў. — Гэтая літургія мае сімвалічны глыбокі выраз. Перамога цемры, зла і граху. Паражэнне цывілізацыі смерці. Перамога цывілізацыі любові».
У гэты дзень, як заўважыў біскуп, «мы ўваходзім у таямніцу адкуплення свету і чалавека», «таямніцу перамогі дабра над злом, жыцця над смерцю, святла над цемрай».
«Як жа часта чалавек, адчуваючы небяспеку, рызыкуе жыць у начы. Як жа часта сучасны чалавек можа быць падвержаны на жыццё ў безнадзейнасці, жыццё ў ночы падзей. Як жа часта сучасны чалавек баіцца святла і ўцякае ад яго. Як часта жыццё ў цемнаце становіцца штодзённым яго выбарам. Як падабаецца яму гэта цемра, — дадаў іерарх. — Гэта ўсё вынікае з няведання Хрыста, з няведання святла».
Пінскі ардынарый распавёў, што паэт Юліян Тувім пад канец жыцця на сурвэтцы ў рэстаране напісаў такія словы: «Калі буду паміраць, для эканоміі патушыце мне вечнае святло», а таксама што гэты паэт пакінуў пасля сябе верш, які вельмі ўзрушвае: «Яшчэ калісьці засумую, яшчэ калісьці навярнуся, Хрыстэ. Яшчэ так страшна заплачу, што праз слёзы Цябе я ўбачу, Хрыстэ. І з такой вялікай жалобай буду жаліцца перад Табой, Хрыстэ. Што дух мой перад Табой укленчыць, і тады сэрца маё разарвецца, Хрыстэ».
«Сёння мы сузіраем таямніцу духоўнага змагання цемры і святла, дня і ночы, зла і дабра. І становімся сведкамі вечнай перамогі Хрыста — нязгаснага Святла, Бога добрага і праўдзівага», — сказаў біскуп Антоні Дзям’янка. Пінскі ардынарый заахвоціў вернікаў, аднаўляючы падчас гэтай літургіі прысягу хросту, «запрасіць нанова Хрыстовае святло ў нашыя сэрцы», «стаць на бок дабра, паглыбіцца ў смерць Божага Сына, якая дае нам жыццё». (AG)
|