Стартавала першая і самая доўгая пілігрымка ў Будслаў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
18.06.2015 12:43 |
Самая доўгая ў Беларусі пілігрымка Брэст - Баранавічы - Будслаў выйшла 18 чэрвеня з Брэста, а 25 чэрвеня ў Баранавічах да яе далучацца сотні мясцовых католікаў. З Брэста вырушылі каля 50 чалавек. Пілігрымка ўключае 16 дзён шляху, адлегласць, якую за гэты час пойдуць пілігрымы, - 537 км.
Дзеці, моладзь, дарослыя, пенсіянеры, святары і сёстры законныя з песнямі, гутаркамі і малітвамі праходзяць у дзень да 50 кіламетраў. Для многіх незабыўныя пешыя пілігрымкі ў Будслаў становяцца сапраўдным адкрыццём, сустрэчай з жывым Богам, пераломным момантам у жыцці.
У цэлым традыцыйна больш за тысячу католікаў ідуць пешшу з розных куткоў Беларусі да абраза Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальны санктуарый. Урачыстасці ў Будславе пройдуць 3-4 ліпеня пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшных”. У гэтым годзе ў шлях адправяцца больш за 13 пешых пілігрымак. За брэсцкімі пілігрымамі выйдуць у шлях католікі з Ліды 25 чэрвеня, на наступны дзень - пілігрымы з Віцебска, праз дзень - з Гудагая.
Хрысціянскі сайт «Католік Гомель» трэці год запар ладзіць Twitter-трансляцыю пілігрымак. Твіты па шляху з Брэста ў Будслаў перадае Ірына Губская.
Паводле katolik-gomel.by
(AG) 
Фота katolik-gomel.by
|