90 гадоў спаўняецца сёлета з моманту стварэння Пінскай дыяцэзіі. Яе
межы, змяніўшы за гэты час свае абрысы, сёння ўключаюць у сябе тэрыторыю
Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Пра тое, як змянялася дыяцэзія і чым
яна жыве цяпер — у спецыяльным інтэрв’ю Сatholic.by з біскупам Пінскім
Антоніем Дзям’янкам.
— Ваша Эксцэленцыя, Пінская дыяцэзія пачала сёлета дзясятае дзесяцігоддзе. Як змяняліся за гэты перыяд яе геаграфічныя рысы?
— Першапачаткова Пінская дыяцэзія мела вельмі вялікую плошчу — на поўначы яе межы дасягалі 50 кіламетраў перад Мінскам (Волма, Пяршаі, Івянец), а на захадзе яна ўбірала ў сябе нават польскі горад Цехановец (каля 120 км ад Варшавы). Таксама па тэме:
90 гадоў таму пасля Першай сусветнай вайны Папа Пій ХІ прызначыў для палешукоў арцыпастыра, вызначыўшы сталіцай дыяцэзіі Пінск. Горад меў на той час 30 тысяч жыхароў. Насельніцтва Пінска сёння — каля 130 тысяч чалавек. Вельмі радуе, што горад працягвае расці і развівацца.
Пасля 1991 года межы Пінскай дыяцэзіі змяніліся. Некаторыя парафіі засталіся ва Украіне і Польшчы або былі далучаны да іншых дыяцэзій Беларусі. Сёння Пінская дыяцэзія ахоплівае тэрыторыю ад Брэста да Гомеля і далей да Добруша і Кармы. Усяго — каля 600 км.
— Колькі чалавек пражывае на гэтай тэрыторыі?
— У Пінскай дыяцэзіі жыве каля трох мільёнаў чалавек — прыблізна такая колькасць насельніцтва сёння ў Літве. Тут сустракаюцца розныя веравызнанні: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, баптысты-пяцідзясятнікі, прадстаўнікі нехрысціянскіх канфесій...
Тэрыторыя дыяцэзіі падзелена на 80 каталіцкіх парафій, у якіх служыць 50 святароў і 2 біскупы. Некаторыя парафіі знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной, і, каб даехаць у іншую парафію на Імшу, святарам даводзіцца пераадольваць 70-кіламетровыя адлегласці.
Адметнасць душпастырства на Піншчыне і ў тым, што тэрыторыя дыяцэзіі — гэта поўдзень Беларусі — шмат дзе пакрыта пылам Чарнобыля. Адну з парафій ад Чарнобыля і ўвогуле аддзяляюць толькі 40 км...
— Як у Пінскай дыяцэзіі ідуць справы з будаўніцтвам і рэстаўрацыяй каталіцкіх святыняў?
— Землі дыяцэзіі ўяўляюць сабой вялікую гістарычную і культурную спадчыну. Тут вельмі маляўнічая прырода, свае незвычайныя гаворкі, асаблівасці ў культуры і паводзінах мясцовага насельніцтва.
Аднак урбанізацыя ў рэгіёне працягвае свой рост. Вёска адмірае, а горад расце. Тым не менш сваім заданнем мы лічым захаванне касцёлаў у вёсках, дзе большасць насельніцтва сёння — гэта пажылыя людзі.
З іншага боку, мы разумеем, што Касцёл павінен ісці за вернікамі і ў гарады. Гледзячы на дынамізм, з якім падыходзяць да будаўніцтва святыняў іншыя канфесіі, Касцёл на Піншчыне таксама імкнецца да таго, каб у новых гарадскіх мікрараёнах паўставалі каталіцкія святыні.
На жаль, працэс гэты няпросты, асабліва сёння, калі шмат людзей знаходзіцца ў духоўнай апатыі. Але ёсць і адваротныя прыклады. Дзякую Богу, што сярод вернікаў знаходзяцца і ахвярадаўцы, дзякуючы якім мы маем магчымасць працягваць будаўніцтва новых месцаў для малітвы.
— Магчыма, юбілей дыяцэзіі прынясе і нейкія сюрпрызы?
— Адзін будзе дакладна (усміхаецца – заўв.рэд.). У Пінску да 90-годдзя дыяцэзіі мы рыхтуем адкрыццё новай святыні — касцёла св. Бэнэдыкта.
Гэты касцёл будзе яднаць католікаў з трох новых мікрараёнаў горада, у якіх жыве каля 70 тысяч чалавек.
— Што б Вы, як біскуп Пінскі, пажадалі сваёй дыяцэзіі ў дзень 90-годдзя? — З моманту прызначэння мяне біскупам Пінскім прайшло ўжо больш за тры гады. Я вельмі ўдзячны ўсім сваім святарам і кансэкраваным асобам за ахвярную працу. Дзякуючы іх духоўнаму прыкладу, дыяцэзія працягвае развівацца.
Аднак недахоп святароў, на жаль, усё яшчэ адчувальны ў Пінскай дыяцэзіі. Таму заахвочваю да сумеснай малітвы ў гэтай інтэнцыі, каб адкрыць сэрцы маладых людзей для Бога. На тэрыторыі дыяцэзіі дзейнічаюць некалькі ўніверсітэтаў, таму яшчэ адна мая мара — вывесці на новы ўзровень душпастырства студэнтаў у дыяцэзіі. Гэта, відаць, і будзе маім пажаданнем Пінскай дыяцэзіі: узрастаць у веры і несці Хрыста патрабуючым. *** Свой аповед пінскі ардынарый заканчвае, прыгадваючы постаць першага беларускага кардынала — Казіміра Свёнтка: «Дыяцэзія шмат у чым абавязана нашаму кардыналу, які, упэўнены, памятае пра нас і сёння. Кардынал Казімір Свёнтэк — сапраўдны “апостал Палесся”». Гутарыў кс. Юрый Марціновіч Апрацаваў Ілья Лапато
фота Аляксандры Шчыглінскай і з архіва рэдакцыі
|