Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзень нараджэння дыяцэзіі — свята ўсяго Касцёла»: адбыліся ўрачыстасці 90-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі (+фотарэпартаж)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.10.2015 16:17

28 кастрычніка адбыліся ўрачыстасці 90-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі, вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і 145-годдзя нараджэння першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага. Таксама духавенства і вернікі дыяцэзіі павіншавалі біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку з 35-годдзем прэзбітэрскага пасвячэння.

На пачатку ўрачыстасцяў, якія праходзілі ў пінскім катэдральным касцёле, прагучалі даклады, у якіх апавядалася пра гісторыю дыяцэзіі, яе біскупаў і гісторыю семінарыі ў Пінску.


На ўрачыстасці прыбылі шматлікія госці. Узначаліў урачыстасці Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прысутнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскуп Луцкай дыяцэзіі (Украіна) Віталій Скамароўскi, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духавенства з Беларусі і замежжа, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпусу.


«Дзень нараджэння Касцёла — велізарнае свята»

Усіх прысутных прывітаў біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх нагадаў у сваім слове, што Пінскую дыяцэзію стварыў Папа Пій ХІ дзеля духоўнай карысці вернікаў Палесся. Першым яе пастырам быў прызначаны біскуп Зыгмунт Лазінскі, які «на працягу сямі гадоў кіравання дыяцэзіяй здолеў вельмі шмат зрабіць для адраджэння веры людзей на Палессі». Незвычайна складаныя часы, як дадаў біскуп, перажыла дыяцэзія падчас Другой сусветнай вайны, а новы ўздым веры — на пачатку 1990-х гадоў.

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў гаміліі сказаў: «Сёння дзень нараджэння Касцёла. Гэта велізарнае свята, якое азначае, што гэты Касцёл убачыў святло». Па словах іерарха, прысутнасць хрысціян на гэтай зямлі значна больш доўгая, чым 90 гадоў, і пачынаецца амаль што разам з прысутнасцю хрысціянства ў славянскіх народах. Святкаванне ж толькі 90-годдзя дыяцэзіі «падкрэслівае тое, як шмат пакутаваў гэты Касцёл».


«Кардынал Казімір Свёнтэк і сёння цешыцца разам з намі»

Па словах арцыбіскупа, невыпадкова, што Пінская дыяцэзія мае святых і мучанікаў, — «гэта знак таго, што гэты Касцёл ішоў пакутніцкім шляхам за Хрыстом». «Асабліва дарагім прадстаўніком для ўсіх нас быў кардынал Казімір Свёнтэк. Я памятаю выразна, як Папа Ян Павел ІІ расказваў мне пра яго, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Гэты чалавек меў пашану нават да тых, хто яго пераследаваў. І я перакананы, што кардынал і сёння разам з намі і разам з намі цешыцца, як умеў цешыцца нават толькі аднаму слову “Пінск”».

Прадстаўнік Папы асабліва падзякаваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. «Я памятаю радасць, яка была для ўсіх нас у Рыме бачыць першага беларускага біскупа пасля доўгага перыяду цішыні», — сказаў пра яго Апостальскі Нунцый. «З Вашым нястомным характарам Вы былі тым, хто шукаў карані веры на гэтай зямлі», — з гэтымі словамі прадстаўнік Святога Айца звярнуўся да Мітрапаліта.

Арцыбіскуп выказаў падзяку таксама сённяшняму ардынарыю Пінскай дыяцэзіі біскупу Антонію Дзям’янку і дапаможнаму біскупу Казіміру Велікасельцу.


Захаваць памяць гісторыі і быць сведкамі надзеі

«Гэта свята не толькі вашага горада, але і ўсяго Каталіцкага Касцёла», — сказаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да вернікаў Пінска. Іерарх дадаў, што ў святкаванні «ўдзельнічаюць і тыя, хто ўжо знаходзіцца ў небе».

Арцыбіскуп пажадаў вернікам Пінскай дыяцэзіі захаваць памяць іх гісторыі, «гісторыі багатай і сумнай», каб іх высілкамі «заквітнеў досвед пакутаў Касцёла на працягу стагоддзяў”. Таксама іерарх пажадаў вернікам «заўсёды быць сведкамі надзеі». «Шукайце Таго, хто мае сілу аздаравіць вас, умацаваць і даць вам радасць, — заклікаў прадстаўнік Папы. — Пойдзем наперад з радасцю, бо ёсць Бог, які кожны дзень дае нам радасць і аздараўляе нашы раны».

Таксама арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці паведаміў, што Папа Францішак скіраваў на ўрачыстасці 90-годдзя заснавання дыяцэзіі сваё віншаванне, якое даслаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін. Быў прачытаны тэкст віншавання.

Урачыстасці завяршыліся малітвай аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага пры яго гробе і малітвай у крыпце, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк, аб вечным жыцці для кардынала.


З гісторыі Пінскай дыяцэзіі

Пінская дыяцэзія была створана 28 кастрычніка 1925 г. апостальскай булай «Vixdum Poloniae unitas». Першым біскупам дыяцэзіі быу прызначаны кс. Зыгмунт Лазінскі (нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 года, кіраваў дыяцэзіяй 7 гадоў, памёр у 1932 годзе, пахаваны ў крыпце катэдральнага касцёла ў Пінску).

Дыяцэзія фактычна існавала да 1939 г., фармальна — да 1946 г. (гады смерці біскупа Казіміра Букрабы).

Асаблівае месца ў гісторыі дыяцэзіі займае Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага. Яна пачала дзейничаць 12 верасня 1925 года ў мурах былога францішканскага кляштара.

У 1991 годзе дыяцэзія была адноўлена ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей, яе апостальскім адміністратарам быў прызначаны кс. Казімір Свёнтэк.


Пінская дыяцэзія сёння

На сённяшні дзень дыяцэзія ўключае ў сябе дзве вобласці Беларусі - Гомельскую і Брэсцкую. Душпастырская праца ажыццяўляецца ў 80 парафіях, якія аб’яднаны ў сем дэканатаў і ў якіх у агульнай колькасці служаць 50 святароў і два біскупы.

У дыяцэзіі акрамя вышэйшай духоўнай семінарыі дзейнічае каталіцкая навучальная ўстанова для свецкіх людзей - Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, які рыхтуе спецыялістаў у галіне тэалогіі, хрысціянскай педагогікі, псіхалогіі і сямейнага кансультавання.

У дыяцэзіі асабліва ўшаноўваюцца тры цудатворныя абразы: Маці Божай Берасцейскай, Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся і Маці Божай Юравіцкай. Месцамі пілігрымак шматлікіх вернікаў сталі санктуарыі ў Лагішыне і св. Андрэя Баболі ў Іванаве.

(AG), (JM)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.