У Гомелі знайшлі ключ і замок ад узарванага касцёла |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
03.12.2015 15:52 |
Артэфакты, якія ўвасабляюць трагічную гісторыю і непераможнасць Касцёла, перадалі адроджанай каталіцкай парафіі. Відаць, Божы Провід дапамог гомельскаму даследчыку, неабыякаваму да
мінуўшчыны роднага горада, выпадкова зрабіць цікавую і рэдкую
гістарычную знаходку, непасрэдна звязаную з каталіцкім жыццём у Гомелі. Гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў апытваў аднога са старажылаў Гомеля, 90-гадовага ветэрана Другой сусветнай вайны Яўгена Мартынавіча Відоліса аб жыцці ў даваенным горадзе. Высветлілася, што ветэран — католік, яго хрысцілі ў старым гомельскім касцёле, а дзед Яўгена Мартынавіча — Мікалай Ржэвуцкі — быў вартаўніком святыні. Больш за тое, дзед некалі зняў з брамкі агароджы старога касцёла замок, і цяпер ён стаіць у хляве ветэрана. Руплівы гаспадар перавёз з сабой замок пасля пераезду ў шматкватэрны дом з прыватнага сектару. — Першапачаткова гэтая гісторыя пакідае дваякае ўражанне: вартаўнік касцёла прынёс сабе дадому замок з касцёльнай агароджы… Аднак усё становіцца на свае месцы ў святле выяўленых гістарычных фактаў з жыцця святыні, — тлумачыць Яўген Малікаў.
Гісторык адзначае, што пабудаваны ў 1822 годзе на сродкі Мікалая Румянцава па праекту архітэктара Джона Кларка каменны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі займаў ключавое месца на рагу вуліцы Замкавай (сучасны праспект Леніна) і рынкавай плошчы Гомеля. Як бачна на раннім фотаздымку касцёла, зробленым не пазней за 1902 год, будынак святыні быў абнесены агароджай на каменных слупах з драўлянымі штыкецінамі. У 1905 годзе пры ксяндзу Францішку Пятроўскім праводзіліся значныя будаўнічыя работы — да будынка касцёла былі прыбудаваны дзве сакрыстыі, заменены надпіс на святыні і іншае, і, мяркуючы па ўсім, тады ж драўляныя праслы агароджы былі заменены на металічныя, добра бачныя ўжо на фотаздымку касцёла, зробленым да 1908 года. Паводле звестак, прыведзеных у кнізе «Костёл и власть на Гомельщине (20-30-е гг. ХХ века)», выдадзенай у 2009 годзе намаганнямі гомельскіх даследчыкаў Андрэя Лебедзева, Віктара Пічукова і ксяндза Славаміра Ляскоўскага, у канцы 1929 года Прэзідыум гарсавету вырашыў пашырыць тупік Камсамольскай вуліцы і знесці жалезную агароджу касцёла, «бо ў гэтым раёне вялікі рух аўтобусаў і пешаходаў». — З гэтага вынікае, што менавіта тады, увосень 1929 года, вартаўнік касцёла, у прысутнасці якога, відавочна, і знесці агароджу вакол святыні, зняў з брамкі той самы замок (дарэчы, бачны на фотаздымку, зробленым да 1908 года), які і захаваўся да нашага часу. Сам будынак касцёла не нашмат перажыў сваю агароджу — яго разбурылі камуністычныя ўлады вясной 1940 года, — працягвае даследчык. Замок цудоўна захаваны, у рабочым стане, з унутранай спружынай і па-мастацку аформленым ключом. Фізічная і мастацкая каштоўнасць яго невялікая, як у звычайнай утылітарнай рэчы, але непараўнальна большай з’яўляецца яго духоўнае значэнне для Гомеля — гэта, відаць, адзіная рэч, непасрэдна звязаная са старым гомельскім касцёлам! Тым больш, што ключ і замок былі знойдзены менавіта ў той час, калі вядзецца адраджэнне знішчанай парафіі. Па дамоўленасці з уладальнікам, старажытны замок ужо перададзены адноўленай каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, святыню якой плануецца збудаваць на пачатку Рэчыцкага праспекта. Такім чынам, гэтая знаходка стане тым фізічным звяном, што злучыць стары і новы касцёлы, матэрыяльна сімвалізуючы непарыўную пераемнасць хрысціянскіх традыцый на гомельскай зямлі. Katolik-gomel.by (АлГ) |