У Гомелі мужчына майструе макеты святыняў са зламаных парасонаў, кардону і пластыкавых бутэлек |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.12.2015 10:47 |
60-гадовы Леанід Багаткевіч з Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы ў Гомелі толькі нядаўна прыняў сакрамэнт хросту, пасля чаго пачаў ствараць макеты праваслаўных і каталіцкіх святыняў. Пра гэта інфармуе партал гомельскай каталіцкай парафіі. Мужчына паходзіць са Свярдлоўскай вобласці Расіі, дзе працаваў на здабычы карысных выкапняў, аднак пасля шэрагу жыццёвых змен апынуўся ў Гомелі, дзе ў выніку стаў беспрытульным. У Дом міласэрнасці ён трапіў з бальніцы, дзе апынуўся пасля пажару, цудам ацалелы. Чытайце таксама: Бацькі Леаніда былі католікамі, якія ў Расію прыехалі з Заходняй Беларусі, але, уступіўшы ў камуністычную партыю і жывучы пры атэізме, не хрысцілі сына і не вучылі яго асновам веры. Аднак у свае 60 гадоў мужчына прыняў хрост сам.
Для свайго хобі Леанід Багаткевіч выкарыстоўвае зламаныя парасоны, кардон і пластыкавыя бутэлькі. Макет праваслаўнага храма ён падарыў на памяць сваёй хроснай маці, маленькі макет каталіцкай святыні — пробашчу парафіі, вялікі макет пакінуў у Доме міласэрнасці. Сёння мужчына працуе над новым макетам святыні — паводле ўласнага эскіза. Усе свае макеты творца ўпрыгожвае абразамі, якія становяцца бачнымі, калі іх падсвяціць. «Нядаўна ў мяне з’явілася вялікая мара, — дадае Леанід, — паўдзельнічаць у будаўніцтве новага касцёла ў Гомелі. Мару хаця б пару цаглінак пакласці і прашу Бога аб такой магчымасці!» Паводле katolik-gomel.by, (IL) |