Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вандалы пашкодзілі крыж ля касцёла святога Юзафа ў Лунінцы
Беларусь - Пінская дыяцэзія
23.02.2016 09:58

Зламыснікі падсеклі сякерай аснову дубовага крыжа. Лунінецкі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.


Каментуючы акт вандалізму, які адбыўся ў ноч на 15 лютага, пробашч парафіі Св. Юзафа ў Лунінцы ксёндз Леанард Акалатовіч адзначыў:

«Восенню крыж спрабавалі ссячы двойчы, пакідаючы сляды сякеры. Але тады, відаць, злачынца спужаўся мінакоў, бо месца добра асвятлялася вулічным ліхтаром. Сёння ліхтар адключылі, тут цемра. І злачынцу нішто не перашкодзіла здзейсніць злую задумку. Такое ўражанне, што ён будзе прыходзіць сюды, пакуль цалкам не ссячэ крыж. Місійны крыж знаходзіцца на вуліцы, ля ўваходу ў двор касцёла. Тут моляцца як католікі, якія ідуць у святыню, так і мінакі».



Як паведамляе media-polesye.by са спасылкай на начальніка Луніненкага райаддзела Следчага камітэта Дзмітрыя Ліра, узбуджана крымінальная справа па артыкуле 341 КК РБ «Апаганьванне пабудоў і псаванне маёмасці», па якім прадугледжана кара ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы.



Пробашч касцёла ў Лунінцы дадае, што вяртанне вулічнага асвятлення ля касцёла па вуліцы Чыгуначнай магло б выправіць сітуацыю. Святар, аднак, зазначае, што начныя пранікненні ў святыню здараліся неаднойчы. І апаганьванне крыжа, на якім раней разбівалі фігуру Хрыста, адбываецца не ўпершыню.



«Спадзяёмся, што міліцыя знойдзе зламыснікаў, — адзначыў у каментарыі для Catholic.by кс. Леанард Акалатовіч. — Сёлета мы плануем умацаваць крыж: будзем “абшываць” яго жалезам, а таксама бетаніраваць яго аснову».

Лунінецкі райаддзел Следчага камітэта ў сваю чаргу просіць усіх, хто валодае якойсьці інфармацыяй па факце здарэння, паведаміць пра гэта па тэл. 3-40-01

Паводле media-polesye.by (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.