Веды, вопыт і новыя знаёмствы. Чым жыве Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
24.09.2016 08:00 |
Сапраўдны хрысціянін не можа абыйсціся без пастаяннага самаўдасканальвання. У гэтай справе яму дапамагаюць новыя веды. Набыць іх сёння, насамрэч, не праблема, тым больш што ў нашай краіне існуюць каталіцкія навучальныя ўстановы. Пра адну з іх — Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах— мы і пагаворым.
Гэтая навучальная ўстанова была адкрыта ў 2009 годзе дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, манаскай супольнасці Божага Слова, а таксама мясцовых святароў — кс. Алега Сількевіча і кс. Андрэя Рылкі. «У той час у мяне было адчуванне, што я ўдзельнічаю ў вельмі важнай гістарычнай падзеі. Таму што адкрывалася першая навучальная ўстанова для свецкіх у сучаснай гісторыі Касцёла ў Беларусі. Такія ж пачуцці неаднойчы выказваў і святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Было вельмі моцнае адчуванне таго, што за гэта ён таксама вельмі моцна перажываў», — заўважае другі дырэктар каледжа кс. Андрэй Рылка. Адкрыццё каледжа, 2009 год Ужо ў той час святар усведамляў, наколькі важным будзе адкрыццё каледжа: «Гэта і выхаванне, і адукацыя новага пакалення каталіцкай інтэлігенцыі — тых, хто будзе падтрымліваць святароў у іх служэнні ў парафіях. І я маю на ўвазе не толькі катэхізацыю, але і многія іншыя сферы дзейнасці, у якіх задзейнічаны тыя, каго мы агульным тэрмінам акрэсліваем як каталіцкая інтэлігенцыя».
Кардынал Казімір Свёнтэк прымае дары ад студэнтаў катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, 2009 год На працягу некалькіх гадоў кс. Андрэй Рылка ўзначальваў Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага, а таксама быў і зараз з’яўляецца яго выкладчыкам. «Я быў вельмі ўдзячны Богу за тое, што маю магчымасць знаёмства са свецкімі людзьмі, якія шукаюць Бога, жадаюць пазнаваць, паглыбляць свае веды і разуменне веры. Для мяне асабіста было важна бачыць, як Бог дзейнічае ў жыцці гэтых людзей, як Ён іх вядзе, дае ім нейкае жаданне служыць і дзяліцца сваёй верай. Гэта яшчэ і абмен вопытам. Ад іх шмат чаму вучымся таксама і мы, святары. Гэта вельмі вялікае ўзбагачэнне. І ад іншых святароў я чуў тое самае», — падзяліўся святар.
Каледж рыхтуе «хрысціянскія кадры» па спецыяльнасцях «Катэхетыка», «Агульная тэалогія», «Сямейнае кансультаванне», якое ўключае курс «Кансультаванне ў галіне залежнасцяў». «Для мяне гэта вялікі вопыт, таму што ў каледжы збіраюцца не тыя, хто проста прыходзіць па нядзелях у касцёл, а людзі, якія шукаюць чагосьці большага. Гэта магчымасць зносін з тымі, хто потым пойдзе евангелізаваць — у асяроддзе хрысціянскае і нехрысціянскае. Таксама для мяне каледж з’яўляецца рухавіком для самаразвіцця і пазнавання чагосьці большага», — заўважае новы дырэктар каледжа кс. Павел Рудзьман.
Зараз у каледжы вучыцца 71 студэнт. Паглыбляць свае веды пра Бога сюды прыходзяць людзі самых розных прафесій і сфер дзейнасці. «Я вельмі люблю цягнікі, таму выбрала Баранавічы, а не Мінск, каб змяніць абстаноўку і выязджаць з горада. А спецыяльнасць "Сямейнае кансультаванне" выбрала таму, што яшчэ ў падлеткавым узросце марыла працаваць з сямейнымі парамі, быць сямейным урачом. Я ўдзячная Богу за тое, што маю магчымасць вучыцца ў Баранавічах: шмат новых знаёмстваў, неверагодная падтрымка навучэнцаў і выкладчыкаў, новыя веды, якія дапамагаюць у першую чаргу ўбачыць сваю сутнасць у Божым святле, а таксама паглыбленне ў Божае слова. Увогуле, каледж — гэта вялікая сям’я, дзе я вучуся прымаць сябе і іншых. Запрашаю ўсiх жадаючых і тых, хто шукае Божай волi ў сваiм жыццi i ў цэлым свеце!» — кажа студэнтка 2-га курса ўрач Аляксандра Крываносава.
Уручэнне заліковак першакурснікам, 2015 год Аднакурсніца Аляксандры, Юлія Дубіна з Баранавіч, вырашыла пайсці вучыцца ў каледж пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце. Сяброўка Юліі, якая ўжо скончыла каледж, неаднаразова запрашала дзяўчыну на розныя мерапрыемствы, якія тут адбываліся (на выпускныя вечары і вігілію Божага Нараджэння), а таксама заахвочвала паступаць. «У мінулым годзе яе чарговыя запрашэнні сталі для мяне адказам на мае пошукі, чым заняцца, апроч архітэктуры, — заўважае Юлія Дубіна. — Гэта добрая нагода даведацца пра Бога "больш навукова"». «Спачатку я думала, што іду за ведамі. Так і здарылася. Асабліва мяне ўражваюць заняткі па біблістыцы. Я вельмі люблю Божае слова, і тут я знайшла для сябе новы падыход для больш глыбокага яго вывучэння», — распавяла Юлія.
Акрамя ведаў, дзяўчына знайшла ў каледжы новыя знаёмствы. «З людзьмі, якія вучацца са мной, я магу паразмаўляць на тэмы не менш цікавыя, чым на саміх занятках. З некаторымі мы сталі добрымі сябрамі і пачалі камунікаваць па-за каледжам, а знайсці сяброў у Хрысце — вялікая каштоўнасць», — заўважыла Юлія. За сем гадоў свайго існавання (улічваючы сёлетніх выпускнікоў) Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага скончылі 90 чалавек. Многія з іх зараз на практыцы выкарыстоўваюць атрыманыя ў каледжы веды. «Я, напэўна, як большасць, спачатку паступала для сябе і не была ўпэўнена, што буду далей перадаваць атрыманыя веды. Спецыяльнасць "Катэхетыка з правам выкладання" абрала на ўсялякі выпадак, думала: можа, спатрэбіцца. Але Пан Бог пакіраваў так, што сапраўды спатрэбілася, ды яшчэ і як! У мінулым годзе я пры неабходнасці замяняла катэхетку. Даводзілася працаваць з рознымі дзецьмі, пачынаючы ад 2 і да 11 класа, а летам праводзіла "Канікулы з Богам". За гэты час вельмі палюбіла працу з дзецьмі, нават сама ад сябе гэтага не чакала. Атрымліваю шмат пазітыўных эмоцый ад кантактавання з імі», — падзялілася выпускніца каледжа Марына Пашкевіч з Ліды. Марына ў гэтым годзе скончыла вучобу ва ўніверсітэце, аднак пайшла працаваць не па асноўнай спецыяльнасці, а па дыпломе каледжа. «У гэтым годзе ў мяне сем груп дзетак, большасць з якіх буду рыхтаваць да Першай святой Камуніі. Вельмі гэтым цешуся і трошкі хвалююся. Давяраю гэтую справу Богу», — распавяла Марына.
Вігілія Божага Нараджэння ў каледжы, 2012 год Выпускны вечар, 2014 год «Спачатку я хацеў пайсці вучыцца ў Мінск, у школу сямейнага жыцця, але даведаўся, што ў той год пачаў адбывацца першы набор у каледж па спецыяльнасці "Сямейны кансультант". Таму, каб далёка не ездзіць, паступіў сюды. У гэты ж год я паступіў у дзяржаўную ўстанову адукацыі па спецыяльнасці "Практычная псіхалогія". Я разумеў: каб быць паспяховым у псіхалогіі, ведаў з універсітэта не дастаткова. Таму вырашыў паглыбляць веды яшчэ і ў каледжы, тым больш што тут адукацыя каштуе толькі сілаў, якія ты на яе затрачваеш», — заўважыў выпускнік.
«Тут класныя выкладчыкі, большасць з якіх свой прадмет ведаюць добра, таму і навучанне ў каледжы было цікавым, а веды спатрэбіліся і ў некаторых сферах асабістага жыцця. Да ўсяго, я даведаўся пра некаторыя псіхалагічныя погляды і метады, вельмі карысныя для выкарыстання на практыцы», — дадае Ягор. Сёлетні набор у каледж працягваецца да 1 кастрычніка. Таму ўсе жадаючыя яшчэ маюць выдатную магчымасць распачаць паглыбляць свае веды пра Бога, так неабходныя для новай евангелізацыі ў сучасным свеце. |