Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Правінцыял супольнасці арыяністаў на свяце ў Лагішыне: універсальная мова ўсіх людзей — мова любові і міласэрнасці
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.11.2016 10:53

Прысутны на святкаванні пяцігоддзя Дома міласэрнасці ў Лагішыне правінцыял польскай правінцыі супольнасці айцоў арыяністаў кс. Кшыштаф Бараноўскі FDP (на фота ўнізе) адзначыў асаблівую місію справы яго субратоў у Беларусі.


У Лагішыне пры мясцовай парафіі працуе першы ў Беларусі каталіцкі Дом міласэрнасці для пажылых людзей, каардынатарам якога з’яўляецца арыяніст кс. Тадэвуш Шэшка FDP.

Будаўніцтвам Дома міласэрнасці ў свой час займаліся іншыя прадстаўнікі супольнасці арыяністаў –  кс. Мечыслаў Жлабінскі FDP і кс. Станіслаў Паўліна FDP (на фота ўнізе).



«Учынкі міласэрнасці — краевугольны камень, на якім была заснавана наша супольнасць. Наш заснавальнік Луіджы Арыёна — італьянец, які моцна любіў усіх патрабуючых. Ён не ведаў замежных моў, але паўтараў, што ўніверсальнай мовай для ўсіх людзей з’яўляецца мова любові і міласэрнасці. Пра гэта варта памятаць і сёння», — адзначыў святар.

Ад імя Кангрэгацыі ксяндзоў арыяністаў правінцыял выказаў падзяку дырэктару, каардынатару і супрацоўнікам лагішынскага Дома міласэрнасці за іх ахвярную працу, а таксама пажадаў падтрымкі сяброў і дабрадзеяў.

На фота: дырэктар Дома міласэрнасці Аляксандр Фядковіч і каардынатар Дома кс. Тадэвуш Шэшка FDP

«У гэтым месцы дзякуючы ксяндзам арыяністам змагла вырасці справа міласэрнасці. Тут сустракаюцца людзі розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў, поглядаў, але мы адчуваем, што ў гэтым доме ёсць любоў і міласэрнасць, — адначыў кс. Кшыштаф Бараноўскі FDP. — Міласэрнасць, якую мы хочам рабіць у імя Бога, накіравана на ўсіх без выключэння. Хачу падзякаваць усім, дзякуючы каму паўстаў гэты Дом міласэрнасці, перадусім касцёльным уладам, а таксама дзяржаўным уладам і ўсім людзям, якія адкрылі сваё сэрца і кашалькі, каб гэты дом існаваў».

Звяртаючыся да пастаяльцаў Дома міласэрнасці, правінцыял арыяністаў пажадаў ім праз чалавечую любоў і міласэрнасць адчуваць блізкасць Бога. «Толькі любоў збавіць свет», — заключыў святар.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.