Біскуп Кірыл Клімовіч у Браславе: прасіце на каленях, каб ніхто не адышоў ад Бога |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
22.08.2010 13:14 |
22 жніўня 2010 г. ранішнюю святую Імшу ў браслаўскім санктуарыі ўзначаліў Ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч. «Ніхто з нас не варты стаяць перад Езусам, які знаходзіцца тут, у святыні. Чынім мы гэта з Божай любові», — адзначыў іерарх напачатку гаміліі. Біскуп Клімовіч заахвоціў паразважаць, што адбывалася ў жыцці Марыі, што перажывала гэта святая жанчына, якая прысвяціла сябе Богу, аддала Яму ўсё, што мела, і раптам пачула: ты станеш маці. Іерарх нагадаў, што кожнага Бог вядзе сваім шляхам, аднак канчатковай мэты гэтага шляху — збаўлення — чалавек дасягне толькі тады, калі будзе мець веру. «Колькі благаслаўлення мы можам атрымаць! Трэба толькі верыць», — падкрэсліў біскуп. Па словах іерарха, Марыя, якая ў Кане Галілейскай сказала: зрабіце ўсё, што вам скажа мой Сын — кажа і нам прасіць яе заступніцтва і дапамогі, каб жыць паводле наказаў Пана. Ніякія матэрыяльныя даброты, як адзначыў біскуп, не могуць замяніць самага вялікага багацця — чалавечага сэрца. «Няхай кожная сустрэча з іншым чалавекам будзе праяўленнем сапраўднай любові, — заклікаў біскуп Клімовіч. — Прасіце на каленях, каб ніхто не адышоў ад Бога». |
Фотарэпартаж |