Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці ў Браславе сталі малітвай за сем'і
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2010 16:17

22 жніўня 2010 г. браслаўскі санктуарый адзначыў вялікую падзею — першую гадавіну каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Аднак гэта не адзіная нагода, якая сабрала ў Браславе шматлікіх вернікаў з розных куткоў Беларусі, а таксама гасцей з-за мяжы.

Завяршэнне святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі, V Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Браславе, IV Міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, сакрамэнт канфірмацыі — усё гэта цудоўная магчымасць, каб стоячы перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў, праславіць Яе сваім спевам і малітвай, падзякаваць за Яе заступніцтва і шматлікія дары, перапрасіць за памылкі і правіны, папрасіць аб узмацненні веры.

Такая колькасць нагодаў абумовіла тое, што праграма ўрачыстых мерапрыемстваў у санктуарыі была вельмі насычанай.

З 19 жніўня трывала моладзевая сустрэча. На працягу некалькіх дзён яе ўдзельнікі праводзілі час разам, ахвяруючы свае малітвы, спевы і танцы на хвалу Езуса Хрыста і Яго Маці.

21 жніўня распачалася праграма для ўдзельнікаў IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў. Чацвёртая пілігрымка сем’яў, як адзначыў у прывітальным слове дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, стала магчымай дзякуючы запрашэнню біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, працы Рады па справах сям’і і грунтоўнай падрыхтоўцы да гэтай сустрэчы душпастыра сем’яў Віцебскай дыяцэзіі кс. Алега Півавара.

Праграма пілігрымкі ўключала ружанцовую малітву ў інтэнцыі сем’яў, удзел у святой Імшы з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў, канферэнцыю, Вяночак да Божай Міласэрнасці і сведчанні сужэнцаў. Завяршылася праграма благаслаўленнем біскупа Антонія Дзям’янкі. Затым удзельнікі IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў прынялі ўдзел у мерапрыемствах цэнтральных урачыстасцяў, прымеркаваных да святкавання першай гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.

Распачаліся галоўныя ўрачыстасці 21 жніўня святой Імшой а 18-й гадзіне. Разам з беларускімі вернікамі маліўся біскуп Антоній Коша, які прыбыў з Малдовы. Затым адбылося прадстаўленне беларускай і польскай культур. Нягледзячы на дождж, які прыйшоў на змену яшчэ нядаўняй спёкі, на канцэрце-прэзентацыі навокал касцёла сабраліся іерархі, душпастыры і вернікі.

Апоўначы адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гнезненскай архідыяцэзіі Войцех Поляк. Канцэлебравалі літургію біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Адзеска-Сімферопальскай дыяцэзіі Пётр Мальчук,  Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі і шматлікія святары.

Пасля заканчэння святой Імшы вернікі ахвяравалі Маці Божай ружанцовую малітву і працэсію вакол касцёла са свечкамі. У 3 гадзіны ночы ў браслаўскай святыні распачалося чуванне ў духу Тэзэ, якое працягвалася да 4-ай гадзіны. Вернікі чувалі да 8 гадзін раніцы.

Раніцай а 8-ай гадзіне святую Імшу ўзначаліў добра вядомы Беларусі душпастыр біскуп Кірыл Клімовіч. Ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку з вялікім разуменнем да людскіх праблемаў заклікаў быць моцнымі ў веры і «на каленях прасіць, каб ніхто не адышоў ад Бога».

Вянцом урачыстасцяў стала нядзельная літургія а 11-й гадзіне, якая сабрала ўсіх прысутных іерархаў, душпастыраў, пілігрымаў і мясцовых вернікаў. Падчас святой Імшы вернікі з розных парафій, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, атрымалі сакрамэнт канфірмацыі.

Падчас святой Імшы гамілію прамовіў дапаможны біскуп Адзеска-Сімферопальскай дыяцэзіі Пётр Мальчук. Іерарх падкрэсліў, што недастаткова толькі захапляцца Марыяй — трэба ўглядацца ў яе і наследаваць. З такім настаўленнем раз’язджаліся душпастыры і вернікі дадому.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў