Радаснае свята ў бягомльскай школе-інтэрнаце |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
27.12.2011 13:14 |
Свята Божага Нараджэння нагадвае нам пра міласэрнасць, спагаду і любоў. Нагадвае і пра тое, што, калі нарадзіўся Езус, у людзей не хапіла любові, каб прыняць Яго як Чалавека. На другі дзень свята Божага Нараджэння парафія Хрыста Валадара ў Бягомлі арганізавала дабрачынную акцыю ў мясцовым доме-інтэрнаце. Па запрашэнні прыехаў таксама цэлы аўтобус барысаўскай моладзі. Хлопцы і дзяўчаты падрыхтавалі батлейку для маленькіх гледачоў. Адметнасцю было тое, што Дзяцятка Езуса ў спектаклі іграла маленькая дзяўчынка Сара з барысаўскай парафіі, а Марыю і Юзафа — яе бацькі. Выхаванцы інтэрната з захапленнем глядзелі на касцюмы акцёраў і з удзячнасцю пляскалі ў далоні. Пасля батлейкі ўсе ахвотныя мелі магчымасць прыняць удзел у гульнях і карагодах вакол прыгожай ёлкі. Падарункі, якія атрымалі дзеці, былі падрыхтаваны на сродкі вернікаў з бягомльскай і барысаўскай парафій. Разам з моладдзю ў Бягомль прыехаў а. Міхал Цвячкоўскі МІС, а таксама сёстры эўхарысткі Таццяна Гмыза і Наталля Раманчук. Завяршылася сустрэча супольнай малітвай і благаслаўленнем. Дырэктар школы-інтэрната ў Бягомлі Валерый Міхайлоўскі ад імя дзяцей і педагагічнага калектыва выхавацеляў падзякаваў выступоўцам і запрасіў іх наведваць дзетак часцей. Езус сваім нараджэннем падказвае нам: «Не бойся рабіць дабро! Чым больш радасці ты падорыш другому чалавеку, тым лепшым стане вакол цябе свет». Кс. Віктар Місевіч |
Фотарэпартаж |