Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міласэрны Новы год |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
03.01.2011 13:06 |
1 студзеня 2010 г. бягомльская парафія Хрыста, Валадара Сусвету, арганізавала ў мясцовым інтэрнаце акцыю міласэрнасці. Для 125 дзяцей былі падрыхтаваны падарункі. Кожнае дзіця атрымала мыла і шмат цукерак. Вельмі дапамагла ў правядзенні акцыі моладзь з Дзеркаўшчыны (Глыбоцкі дэканат). Яны разам з кс. Віталем Гальцам і настаўніцай Наталляй Васільеўнай Барыла падрыхтавалі для дзетак цікавую святочную праграму. Дзеці з захапленнем глядзелі Батлейку і ўдзельнічалі ў конкурсах. Паводле каталіцкай традыцыі ўдзельнікі мерапрыемства падзяліліся аплаткай, жадаючы адно аднаму шчасця, радасці і здароўя. Апрача пакункаў з цукеркамі дзеці атрымалі ў дар 10 кг мёду. Гэты дар ахвяраваў спецыяльна для дома-інтэрната ў Бягомлі спадар Міцкевіч з Браслава. Хочацца адзначыць таксама і ахвярнасць браслаўскіх дзетак, якія падчас парафіяльных рэкалекцый збіралі цукеркі і печыва для сваіх аднагодкаў з Бягомля. Акцыя міласэрнасці ў бягомльскім доме-інтэрнаце стала магчымай таксама дзякуючы гарачым сэрцам католікаў юнакоў і дзяўчат з Барысава. Яны адмыслова перад святам Божага Нараджэння збіралі ахвяраванні, за якія вернікі набывалі сена на калядны стол. Усе гэтыя сродкі былі перададзены ў бягомльскую парафію на дабрачынныя мэты. Ва ўсім свеце людзі сутыкаюцца з горам і бядой. Найбольш прыкра, калі церпяць ні ў чым не павінныя дзеці. Аднак дабром можна перамагчы зло, міласэрнасцю можна даць раду нядолі. Дзеля гэтага патрэбна нашая салідарнасць. Няхай жа там, дзе церпіць адзін чалавек, гуртуецца дзесяць неабыякавых. Там, дзе трагедыя прыгнятае сотні, яднаюцца тысячы. Тады бяда не будзе знакам пракляцця, а паспрыяе асвячэнню ў дарозе да збаўлення. Кс. Віктар Місевіч |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.