Сэнс жыцця — узаемадапамога. Дабрачынная акцыя ў Бягомлі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
23.04.2012 16:22 |
У сучасным грамадстве апошнім часам нярэдка матэрыялізуюцца духоўныя каштоўнасці і страчваюцца маральныя ідэалы. У гэтым «бурапенным» часе чалавек часта губляе сэнс жыцця. Асаблівую ўвагу патрэбна звярнуць на маладых людзей, у якіх усё жыццё наперадзе. Па якім шляху пойдзе кожны з іх? Моладзь з Глыбокага, напрыклад, разам з сястрой Ганнай Тарасёнак і кс. Віктарам Місевічам 21 красавіка наведала бягомльскую школу-інтэрнат для дзяцей з нагоды Вялікадня. Разам з гасцямі маленькія і старэйшыя выхаваўцы інтэрната спявалі песні, праслаўляючы Езуса, глядзелі вясёлыя мініяцюры і самі ўдзельнічалі ў конкурсах. Глыбачане падзяліліся сваёй бадзёрасцю і запалам энергіі з дзецьмі. На тварах 110 хлопчыкаў і дзяўчынак ззялі ўсмешкі. Напрыканцы кожнае дзіця атрымала падарунак (набылі іх, дзякуючы фінансавай падтрымцы Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці). Ксёндз Віктар Місевіч завяршыў сустрэчу шчырымі віншаваннямі са святам Уваскрасення, а таксама супольнай малітвай і благаслаўленнем. У кожнага чалавека павінен быць сэнс жыцця. Добра, калі гэты сэнс мы знойдзем у падтрымцы і ўзаемадапамозе бліжнім, так, як гэта зрабіла глыбокская моладзь. Ірына Грэйць |
Фотарэпартаж |