Святыя місіі ў Шуміліне — час аднаўлення веры |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
22.10.2012 16:17 |
У Шуміліне прайшлі святыя місіі. Гэта час грунтоўнай адновы парафіяльнай супольнасці, дар Бога для кожнага парафіяніна. Апошнія парафіяльныя місіі праводзіліся на землях Шуміліншчыны пасля Першай сусветнай вайны. З таго часу зямля Шумілінскага раёна больш за 80 гадоў не была закранута «місіянерскай сахой» і духоўна дзічэла: знішчаліся будынкі святынь і святыні чалавечых сэрцаў, руйнаваліся прыдарожныя крыжы і разбураліся каплічкі. Але змяніўся час, і цяпер можна праслаўляць Бога свабодна. Таму двое маладых місіянераў з Супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі (а. Зміцер Занямонскі ОМІ і а. Анджэй Юхневіч ОМІ) правялі місіі — час аднаўлення сэрцаў, час, які прагна чакалі ўсе вернікі, бо сам Бог праходзіў сярод іх у слове і дзеянні сваіх місіянераў. Многія жыхары парафіі Маці Божай Фацімскай не дазволілі сабе размінуцца з Богам, які праходзіў «узбярэжжам» іхняга жыцця і даў шанс вяртання да Яго. Шмат вернікаў знайшлі час і стварылі магчымасць сабе і іншым прыняць удзел у прадугледжаных набажэнствах і сустрэчах, перажыць споведзь і прыняць святую Камунію. Кожны дзень быў іншы і меў сваю асаблівую тэматыку, што дазволіла як мага лепш, парушыць і закрануць сэрцы. У перажыванне місій было ўпісана свята Маці Божай Фацімскай 13 кастрычніка. Напрыканцы місій вернікі вызналі веру ў Езуса Хрыста перад адноўленым крыжам ля святыні. А. Анджэй Юхневіч ОМІ Святыя місіі — гэта больш працяглыя па часе рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні), якія ў каталіцкіх парафіях праходзяць прыкладна раз на 10 гадоў і закліканы аднавіць веру парафіянаў. Місіі ўключаюць у сябе рэкалекцыйныя навукі для розных груп і набажэнствы (аднаўленне шлюбнай прысягі для сужонкаў, сакрамэнт споведзі, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых). Місіі праводзяць айцы місіянеры. (SZh) |
Фотарэпартаж |