13 снежня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч урачыста адчыніў Брамы Міласэрнасці.
Набажэнства пачалося працэсіяй ад сакрыстыі да галоўных дзвярэй. Уваходныя дзверы былі ўпрыгожаны вянком і кветкамі, уверсе над самімі брамамі быў размешчаны банэр з лагатыпам Года Міласэрнасці, які пачаўся ў Каталіцкім Касцёле 8 снежня.
У гаміліі, звернутай да велізарнай колькасці вернікаў, біскуп падкрэсліў, што Год Міласэрнасці з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю атрымаць адпуст, або індульгенцыю. Немалаважна таксама, па словах біскупа, звярнуць увагу на прабачэнне; неабходна сёння навучыцца прабачаць самому сабе і свайму бліжняму.
Пробашч і адначасова кусташ браслаўскага санктуарыя сальватарыянін айцец Станіслаў Мжыглуд заахвоціў людзей карыстацца магчымасцю атрымання адпусту. «Шчыра запрашаю ўсіх вернікаў з нашай дыяцэзіі прыехаць у Браслаў.
Зрабіць гэта можна ў любы дзень, прыехаўшы прыватна ці ў якасці
ўдзельніка групавой пілігрымкі. Касцёл наш адчынены кожны дзень, і кожны
дзень ёсць магчымасць перажыць сакрамэнт пакаяння. Будзем вельмі рады
бачыць у нас пілігрымаў!» – сказаў святар.
Брамы Міласэрнасці ў Юбілейным Годзе адчыніліся ва ўсіх дыяцэзіях свету. Гэта беспрэцэдэнтны жэст пастырскай апекі Святога Айца Папы Францішка, які булай «Misericordiаe Vultus» абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці і пастанавіў, што Брамы Міласэрнасці з’явяцца не толькі ў Рыме, але і ва ўсім свеце.
Акрамя санктуарыя ў Браславе, біскуп Алег Буткевіч 13 снежня адчыніў Браму Міласэрнасці таксама ў віцебскім катэдральным касцёле.
Умовы атрымання адпусту з нагоды Юбілею Міласэрнасці змяшчае дэкрэт біскупа Алега Буткевіча ад 4 снежня.
Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, адбываючы пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры і ў вызначаных дыяцэзіяльным біскупам касцёлах, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме. Гэты момант павінен быць злучаны з сакрамэнтам паяднання і поўным удзелам у святой Імшы, а таксама з роздумам над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў, вернікі будуць павінны затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты, якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях. Папа Францішак прызнаў таксама магчымасць атрымаць адпуст паводле стану сэрца асобам хворым, у вязніцах і кожнаму, хто асабіста спаўняе справу міласэрнасці. Юбілейны адпуст можна будзе атрымаць таксама для памерлых (пар. Misericordiаe Vultus).
Паводле catholicnews.by
(AG) Фота catholicnews.by
|