| 
  16 снежня ў Віцебскім абласным мастацкім музеі адкрылася калядная выстаўка дзіцячай творчасці,  прысвечаная святу Божага Нараджэння.  
Традыцыйна падчас фестывалю «Дні Хрысціянскай культуры» гэтая выстаўка ладзіцца пад патранатам Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла і збірае таленавітых дзяцей больш чым з 20 студый, гурткоў, школ і гімназій Віцебска.
  Выставачная зала ззяла святлом Бэтлеемскай зоркі, зробленай ў розных мастацкіх тэхніках, анёлы  ў тэхніцы нацыянальнай выцінанкі, керамікі і саломкі сваімі крыламі ўказвалі шлях да Езуса, народжанага ў стаенцы.  
  На выстаўцы прадстаўлены працы вучняў студыі «Таццянка», ткацтва, працы з саломкі, фларыстыкі і інш. Юныя творцы з гімназіі № 4 зрабілі цудоўныя прамяністыя творы. 
   
  
  Сапраўды атрымаўся калядны цуд. Святочны настрой задавала музыка  і спевы ў выкананні вакальнага калектыву «Тэатр песні» пад кіраўніцтвам У.Адарыч і Т. Кавака.
  
  Імпрэзу адкрылі  канцлер  Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, дырэктар цэнтра творчасці Наталля Бальшакова, загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУА «Віцебскага гарадскога  цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» Таццяна Калтунова і навуковы супрацоўнік Абласнога мастацкага музея Алена Рак. 
  
 Ксёндз Віктар Місевіч, звяртаючыся да сабраных, распавёў пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння, аб удзеле маленькіх творцаў у абвяшчэнні Добрай Весткі праз свае працы, а таксама падзякаваў педагогам і бацькам за выхаванне таленавітай моладзі.
  Удзельнікі атрымалі дыпломы і салодкія пачастункі.
  Людміла Ярмолава, фота з архіва аўтара
 
  
 |