Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышоў у вечнасць кардынал Марціні
Дзяржава Ватыкан
03.09.2012 13:47

31 жніўня 2012 г. адышоў у вечнасць кардынал Карла Марыя Марціні. Іерарх быў верным сынам св. Ігнацыя Лаёлы, сведчыў і навучаў аб першынстве духоўнага жыцця. Такімі словамі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ выказаў спачуванне архідыяцэзіі Мілана, Таварыству Езуса, родным і сябрам кардынала Марціні.

У спачувальнай тэлеграме на імя арцыбіскупа Мілана кардынала Анджэла Скола кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што спачылы іерарх прыслухоўваўся да сучаснага чалавека ў яго розных жыццёвых і грамадскіх сітуацыях. Як адзначаецца, Касцёл цаніў дасканалае веданне кардыналам Марціні Святога Пісання і яго ўменне перадаваць свае веды Божаму народу і многім людзям, якія шукаюць праўды.

Кардынал Карла Марціні быў адной з найвыбітнейшых постацяў Касцёла ў Італіі і ў свеце, вядомым тэолагам, біблеістам. На працягу 23 гадоў кардынал кіраваў архідыяцэзіяй Мілана. Шмат гадоў пакутаваў на хваробу Паркінсона.

Будучы іерарх нарадзіўся 25 лютага 1927 г. у Турыне. Пасля заканчэння езуіцкага Грамадскага інстытута ў 1944 г. уступіў у Таварыства Езуса.
Святарскае пасвячэнне прыняў 13 ліпеня 1952 г., пасля чаго працягнуў вучобу ў Рыме і Турыне. У 1964–1969 гг. вёў навуковую і душпастырскую дзейнасць у Рыме. У 1969–1978 гг. быў рэктарам Папскага ўніверсітэта «Biblicum», з 18 ліпеня 1978 г. —  універсітэта «Gregorianum».

29 снежня 1979 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мілана і асабіста ўдзяліў біскупскую сакру 6 студзеня 1980 г. На кансісторыі 2 лютага 1983 г. арцыбіскуп Марціні быў уключаны ў склад Калегіі Кардыналаў. У 1980–1983 гг. з’яўляўся членам Сакратарыяту Сіноду Біскупаў.

Як інфармуе архідыяцэзія Мілана, пахаванне кардынала Марціні адбудзецца 3 верасня ў 16 гадзін.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.