15 кастрычніка ўдзельнікі Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі прысутнічалі на прэм’еры фільма «Званы Еўропы», прысвечанага адносінам паміж хрысціянамі, еўрапейскай культуры і будучыні кантынента. Фільм заснаваны на інтэрв’ю з некалькімі лідарамі хрысціянскіх канфесій, у тым ліку з Бэнэдыктам ХVI.
«Існуе вялікая верагоднасць, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у хуткім часе наведае Украіну», — адзначыў арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук. Кіраўнік Грэка-Каталіцкай Царквы ва Украіне, які прабывае ў Ватыкане на Сінодзе Біскупаў, паінфармаваў аб гэтым у размове з журналістамі 15 кастрычніка.
Падчас сённяшняй малітвы «Анёл Панскі» папа Бэнэдыкт XVI прывітаў удзельнікаў «Папскага дня» ў Польшчы, які праходзіць пад дэвізам «Ян Павел ІІ — Папа сям’і». «Дзякую вам за гэты выраз лучнасці з Апостальскай Сталіцай, за вашыя малітвы і падтрымку маладых стыпендыятаў фонда „Справа новага тысячагоддзя“», — сказаў Пантыфік, звяртаючыся да польскіх вернікаў.
Вячэрняя сустрэча папы Бэнэдыкта XVI з вернікамі, якая адбылася 11 кастрычніка і нагадвала пра адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору і малітву на плошчы св. Пятра, стала тэмай штотыднёвага фельетона старшыні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар адзначыў, што Год веры будзе «поўным прастаты зваротам да Бога».
Хрысціянства заўсёды маладое, бо Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору і старшыняў епіскапатаў з розных краін свету. З імі Папа сустрэўся 12 кастрычніка ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца.
Вечарам 11 кастрычніка, у дзень, калі пачаўся Год веры, Святы Айцец яшчэ раз сустрэўся з вернікамі на малітоўным чуванні з паходнямі. Гэтая сустрэча была арганізавана Італьянскай Каталіцкай Акцыяй у супрацоўніцтве з дыяцэзіяй Рыма і ўзгадвала чуванне, якое адбылося 50 гадоў таму ў Рыме з удзелам 11 тысяч чалавек.
З удзелам тысяч вернікаў 11 кастрычніка на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане адбылася святая Імша пад кіраўніцтвам папы Бэнэдыкта XVI, якой распачаўся Год веры. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел архіепіскап Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей, удзельнікі Сіноду Біскупаў і 14 удзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору.
«L’Osservatore Romano» апублікавала ўспаміны Святога Айца Бэнэдыкта XVI пра адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору. Сённяшні Папа, а тады кс. Ёзаф Ратцынгер, выкладчык тэалогіі ва ўніверсітэце ў Боне, удзельнічаў у Саборы як эксперт і дарадчык кардынала Ёзафа Фрынгса.
Перад сённяшняй агульнай аўдыенцыяй Святы Айцец Бэнэдыкт XVI благаславіў адарацыйны алтар «Зорка Казахстана», які будзе перададзены ў вёску Азёрнае ў казахстанскі санктуарый Маці Божай Каралевы Міру. Алтар выкананы ў межах праекту Таварыства «Каралева міру» (Communità Regina della Pace), мэта якога — заснаваць ва ўсім свеце 12 месцаў пастаяннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі міру.
З 10 кастрычніка 2012 г. падчас агульных аўдыенцый Святога Айца кароткі змест папскай катэхезы будзе агучвацца таксама і на арабскай мове. Да сённяшняга дня ўступныя ўрыўкі з Пісання і прывітанні да пілігрымаў гучалі на англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, партугальскай і польскай мовах.
8 кастрычніка ў першай палове дня Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI прыняў удзел у працы Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, які праходзіць у Ватыкане. У разважанні Папа звярнуў увагу, што евангелізацыя пачынаецца з усведамлення таго, што Бог дзейнічае ў Касцёле, а Касцёл абвяшчае Хрыста свету.
8 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выдаў два Апостальскія лісты, прысвечаныя новым дактарам Касцёла — св. Хільдэгардзе з Бінгена і св. Яну Авільскаму. У першым дакуменце Папа падкрэсліў незвычайную гармонію св. Хільдэгарды, з якой святая спалучала навучанне Касцёла са штодзённым жыццём, інтэлектуальныя якасці са здольнасцю пранікнуць у містычную рэальнасць.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў раніцай 7 кастрычніка на плошчы перад ватыканскай базылікай св. Імшу на распачацце Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Літургія была спалучана з абвяшчэнне Дактарамі Касцёла св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарды з Бінгена.
Больш за 10 тысяч чалавек віталі Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас візіту ў Ларэта 4 кастрычніка. Радасць з прычыны пілігрымкі Пантыфіка выказалі таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
Падчас пілігрымкі ў Ларэта 4 кастрычніка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даверыў апецы Маці Божай Сінод Біскупаў, які распачнецца ў нядзелю, і Год веры. Таксама Папа даверыў Найсвяцейшай Панне «ўсе цяжкасці, якія перажывае наш свет у пошуку духоўнай раўнавагі і міру, праблемы шматлікіх сем’яў, прагненні моладзі, цярпенні тых, хто чакае праяваў салідарнасці і любові».