Двухбаковыя адносіны, хрысціянскае бачанне асобы, выклікі, якія стаяць перад сучасным грамадствам, і міжнародныя пытанні сталі тэмай размоваў Святога Айца Бэнэдыкта XVI з Прэзідэнтам Германіі Ёахімам Гаукам. Сустрэча нямецкага лідара з Папам адбылася 6 снежня ў межах яго візіту ў Апостальскую Сталіцу.
На мінулым тыдні ў многіх СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што ўжо ў гэтым месяцы Пантыфік атрымае рапарт у справе марыйных аб’яўленняў у Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна). Дадзеную інфармацыю аправерг прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы кс. Федэрыка Ламбардзі.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 5 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў да паяднання варагуючых бакоў канфлікту ў Ківу (Дэмакратычная Рэспубліка Конга). Гэты канфлікт працягваецца з 2004 года.
3 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax», прысвечанага праблеме міжнароднай палітычнай улады. У пасяджэнні прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Няхай новы літургічны год, які распачынаецца, будзе для вас шляхам, на якім вы зможаце перажыць вернасць Богу», — пажадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI студэнтам Рыма. Пантыфік сустрэўся з моладдзю на Нешпарах 1 снежня ў ватыканскай базыліцы.
Як і кожны месяц, Святы Айцец давярае малітвам вернікаў дзве інтэнцыі: агульную і місійную. На снежань першая з іх — «каб ва ўсім свеце мігрантаў прымалі, асабліва ў хрысціянскіх супольнасцях, з велікадушнасцю і сапраўднай любоўю». Другая інтэнцыя — «каб Хрыстус аб’явіўся ўсяму чалавецтву як святло, якое паходзіць з Бэтлеема і адбіваецца на абліччы Яго Касцёла».
Абавязкам біскупаў у сферы дабрачыннай дзейнасці Касцёла прысвяціў новы дакумент папа Бэнэдыкт XVI. Ён апублікаваны 1 снежня ў форме «motu propriо» пад назвай «Intima Ecclesia natura» — «Унутраная натура Касцёла».
1 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся са служачымі цыркаў і лунапаркаў. Каля сямі тысяч прадстаўнікоў гэтай прафесіі прыбылі ў Вечны горад, каб прыняць удзел у сустрэчы, арганізаванай Папскай радай пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, Рымскай дыяцэзіяй і фондам «Migrantes».
Папа Бэнэдыкт XVI і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей падкрэслілі важнасць дасягнення адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі. Пантыфік павіншаваў Патрыярха са святам св. Андрэя, на якое ў Стамбул прыбыла дэлегацыя з Апостальскай Сталіцы. Патрыярх Барталамей падчас літургіі ў храме св. Андрэя назваў Другі Ватыканскі Сабор «паваротным момантам у адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі».
30 лістапада дэлегацыя Ватыкана на чале са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам удзельнічала ў літургіі ў Стамбуле ў свята св. Апостала Андрэя. На заканчэнне набажэнства было агучана пасланне папы Бэнэдыкта XVI да Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея.
У Рыме адбылася прэзентацыя VII тома збору твораў Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Кніга ўтрымлівае публікацыі будучага Папы ў часы Другога Ватыканскага Сабору, у якім ён прымаў удзел як эксперт.
30 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю групе французскіх іерархаў, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам аd limina Аpostolorum. Папа адзначыў, што праблемай Касцёла ў Францыі з’яўляецца няведанне католікамі зместу веры, якое ўключае няведанне асобы Езуса Хрыста і велічы Яго вучэння.
28 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI скіраваў віншавальную тэлеграму на адрас Прэзідэнта Албаніі Буяра Нішані з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці краіны. У тэлеграме Папа запэўніў у малітве за грамадзян і кіраўніцтва краіны і пажадаў «умацавання міру, справядлівасці і росквіту народа Албаніі».
На агульнай аўдыенцыі 28 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць касцёльным арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе са СНІДам. У сувязі з Сусветным днём барацьбы са СНІДам, які будзе адзначацца 1 снежня, Папа заклікаў да дапамогі ахвярам гэтай эпідэміі, асабліва дзецям, у найбяднейшых рэгіёнах свету.
26 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з шасцю новапрызначанымі кардыналамі, членамі іх сем’яў, а таксама вернікамі іх краін, якія прыбылі ў Вечны горад, каб падзяліць радасць атрымання кардынальскай годнасці са сваімі іерархамі.