Святы Айцец і прэзідэнт Рэспублікі Кот-д’Івуар абмеркавалі, як Касцёл можа дапамагчы дабру гэтай краіны |
Святы Айцец
|
16.11.2012 20:23 |
16 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта Рэспублікі Кот-д’Івуар Аласана Уатара. Падчас сустрэчы былі падкрэслены сардэчныя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Кот-д’Івуар, і зроблена ацэнка таго, як Касцёл можа дапамагчы дабру гэтай краіны, умацоўваючы спакой, спрыяючы абароне правоў чалавека, дыялогу і нацыянальнаму прымірэнню.
Падкрэслівалася таксама плённае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай, у прыватнасці, у галіне аховы здароўя і адукацыі. Адначасова было агучана пажаданне, каб прыйшоў да паспяховага завяршэння працэс падрыхтоўкі Пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Кот-д’Івуар.
Паколькі Аласан Уатара з’яўляецца таксама старшынёй Эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі, на сустрэчы абмяркоўваліся і актуальныя рэгіянальныя праблемы.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, пасля сустрэчы з Пантыфікам прэзідэнт афрыканскай краіны абмеркаваў актульныя пытанні з Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і сакратаром па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці.
(AG)
|