16 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў рымскую парафію Св. Патрыцыя, дзе сустрэўся з вернікамі і ўзначаліў літургію. У гаміліі Пантыфік нагадаў пра радасць, якая прысутнічае ў Адвэнце і натхняе ўвесь час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і крыніца якой, па словах Папы, — трывалае пачуццё прысутнасці Збаўцы сярод нас.
«Езус прыносіць збаўленне чалавецтву, новыя адносіны з Богам, які перамагае зло і смерць», — адзначыў Папа, дадаўшы, што Хрыстус прыходзіць, «каб асвятліць наш шлях, часта азмрочаны цемрай і эгаізмам». Пантыфік звярнуў увагу, што хрысціяне павінны быць носьбітамі прысутнасці Бога ў свеце, «Бога добрага, Бога блізкага».
Яшчэ адным фактам, які натхняе хрысціянскую радасць, як нагадаў Святы Айцец, з’яўляецца тое, што Бог «ніколі не перастае любіць нас і працягвае быць блізкім да нас са сваёй міласэрнасцю». Па словах Папы, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, «Бог не далёка, Ён на самой справе слухае, ведае нас і ніколі не адвяргае нашы малітвы».
Святы Айцец нагадаў таксама, што дарамі і любоўю, атрыманымі ад Бога, трэба дзяліцца з бліжнімі. «Бог не патрабуе нічога асаблівага, але каб кожны жыў у адпаведнасці з прынцыпамі салідарнасці і справядлівасці; без іх нельга быць добра падрыхтаванымі да сустрэчы з Богам», — сказаў Бэнэдыкт XVI.
Пантыфік дадаў, што Эўхарыстыя павінна займаць «важнае і цэнтральнае месца ў асабістым і грамадскім жыцці», і заклікаў вернікаў прыступаць рэгулярна да сакрамэнту пакаяння, асабліва падчас Адвэнту. Папа заклікаў парафіянаў касцёла св. Патрыцыя стаць «сапраўднамі героямі новай евангелізацыі», уносячы ў яе «свежую энергію, энтузіязм і свае здольнасці». (AG)
|