Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі выказаўся наконт абвінавачванняў у адрас Святога Айца, якія пачынаюць распаўсюджваць некаторыя СМІ. Яны датычацца перыяду дыктатуры ў Аргенціне і заключаюцца ў тым, што кардынал Хорхе Марыа Берголіа, будучы правінцыялам Ордэна езуітаў, нібыта не абараніў двух братоў, выкрадзеных рэжымам.
Святары правялі ў заключэнні 5 месяцаў, а затым былі знойдзены збітымі на адным з палёў у сельскай мясцовасці. Адзін з іх зрабіў заяву, у якой адзначыў, што інфармацыйная кампанія супраць кардынала Берголіа праводзіцца даўно і мае яскравы антыклерыкальны характар. Ён расказаў таксама, што адразу пасля вызвалення святары са сваім правінцыялам цэлебравалі святую Імшу і ніколі не мелі канфліктаў ці непаразуменняў. Акрамя таго, было падкрэслена, што ў перыяд дыктатуры кардынал Берголіа рабіў усё магчымае, каб дапамагаць пераследаваным.
Пра беспадстаўнасць абвінавачванняў кардынала Берголіа ў кампрамісе з дыктатурай заявіў таксама Нобелеўскі лаўрэат Адольфа Пэрэс Эсківэль.
Ксёндз Ламбардзі расказаў, што ў гэтыя дні, калі кардыналы збіраюцца на супольны пасілак, папа Францішак заўсёды прыходзіць апошнім і сядае там, дзе ёсць свабоднае месца. Кіраўнік Прэс-службы, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё, паведаміў таксама, што 15 сакавіка ў 7 гадзін Святы Айцец цэлебраваў Імшу ў капліцы Дома св. Марты і прамовіў кароткую гамілію да кардыналаў. Святар звярнуў увагу на тое, што, звяртаючыся да іерархаў, Пантыфік ужывае нетрадыцыйную форму — «браты кардыналы». (AG)
|