Кардынал Сандры: з Францішкам прыйшла вясна для Касцёла |
Святы Айцец
|
25.03.2013 13:39 |
Кардынал Леанарда Сандры лічыць, што з Пантыфікатам папы Францішка для Касцёла пачалася новая эра. «З Францішкам прыйшла вясна для Касцёла. Яго імя само па сабе гучыць ужо як пасланне», — сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў аргенцінскай газеце «La Nacion».
«Я лічу, што гэта будзе рэвалюцыйны Пантыфікат, паколькі нагадвае нам пра жыццёва неабходныя рэчы і кіруе заклік да дыялога», — сказаў кардынал Сандры, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.
Большасць аргенцінцаў лічыць, што папа Францішак паўплывае на палітыку ў сваёй роднай краіне. Як паведамляе газета «Clarin» са спасылкай на сацыялагічнае даследаванне, праведзенае інстытутам «Management&Fit», амаль 70% рэспандэнтаў лічаць, што выбар аргенцінца на Пасад св. Пятра зменіць палітыку краіны. Каля паловы апытаных (45,1%) чакаюць, што Святы Айцец не падтрымае ніводзін з двух асноўных палітычных лагераў у Аргенціне, але будзе займаць нейтральную пазіцыю.
Пантыфік карыстаецца ў сваёй роднай краіне вялікай павагай. Каля 72% аргенцінцаў не вераць, што сённяшні Папа ў часы ваеннай дыктатуры (1976–1983 гг.) супрацоўнічаў з хунтай. (AG)
|