28 красавіка папа Францішак цэлебраваў Імшу на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 44 чалавекам з розных краін свету. Сярод іх былі два беларусы: Эдуард Зелянко і Ірына Юневіч з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.
У гаміліі, як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік адзначыў, што Дух Святы, які сыходзіць ад Бога, прыходзіць да нас і робіць новымі ўсе нашы рэчы, нас перамяняе. «Усё становіцца новым, ператвараецца ў дабро, прыгажосць, у праўду; ужо няма больш нараканняў і жалобы», — сказаў Папа і дадаў, што Дух Святы перамяняе свет, у якім мы жывём, таксама і праз нас. «Адкрыем Яму дзверы, дазволім Яму, каб кіраваў намі, дазволім, каб Яго безупыннае дзеянне зрабіла нас новымі людзьмі, каб нас ажыўляла Божая любоў, якую дае нам Дух Святы», — заклікаў Святы Айцец, адзначыўшы, як было б прыгожа, калі б тыя, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, маглі сказаць вечарам: сёння ў школе, дома, на працы, будучы ведзены Богам, я зрабіў жэст любові адносна маіх сяброў, бацькоў або старэйшых людзей.
«Шлях Касцёла, як таксама наш асабісты хрысціянскі шлях, не заўсёды лёгкі, бо нас сустракаюць цяжкасці і нягоды. Ісці за Панам, дазволіць, каб Яго Дух ператварыў нашы зоны ценю і нашы паводзіны, якія не адпавядаюць волі Бога, і каб Ён абмыў нашы грахі — гэта шлях, які сутыкаецца са шматлікімі перашкодамі,што існуюць па-за намі, у свеце, у якім жывём, які часта нас не разумее, але таксама і ўнутры нас, у нашых сэрцах. Але цяжкасці і нягоды з’яўляюцца часткай дарогі, якая вядзе да славы Бога, так, як у выпадку Езуса, які быў праслаўлены на Крыжы; мы іх заўсёды будзем сустракаць у сваім жыцці», — перасцярог Папа.
Звярнуўшыся да людзей, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, Пантыфік заклікаў іх трываць на шляху веры, з цвёрдай надзеяй на Пана. «Ён дае нам адвагу ісці супраць плыні. Калі мы будзем аб’яднаныя з Богам, як галінкі злучаны з вінаграднай лазой, калі мы не страцім сяброўства з Ім, калі мы будзем даваць Яму ўсё больш месца ў нашым жыцці, тады не сустрэнем цяжкасцяў, нягод і непаразуменняў, якія маглі б нас палохаць. Калі мы адчуваем сябе беднымі, слабымі, грэшнымі, тады мы павінны звярнуцца да Бога, які дае сілу нашым слабасцям, багацце нашай беднасці, навяртанне і прабачэнне нашых грахоў. Будзем мець давер у дзеянне Бога. З Ім мы можам рабіць вялікія справы, і мы будзем адчуваць радасць быцця Яго вучнямі, Яго сведкамі», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак заклікаў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, шырока адкрыць дзверы свайго жыцця на навіну Бога, якую прыносіць Святы Дух, каб яна ператварыла іх, зрабіла моцнымі ў нягодах і ўмацавала адзінства з Панам, а таксама моцнае сяброўства з Ім, бо гэта сапраўдная радасць. (AG)
|