Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: пытайцеся ў Езуса, чаго Ён жадае ад вас, і будзьце адважнымі
Слова Папы
21.04.2013 14:35

Евангеллю на IV Велікодную нядзелю прысвяціў папа Францішак свае разважанні 21 красавіка перад малітвай «Regina Cаeli». Сустрэча Святога Айца з вернікамі адбылася пасля ўрачыстай Эўхарыстыі, падчас якой Пантыфік удзяліў святарскае пасвячэнне 10 навучэнцам рымскіх семінарый.

Па словах Папы, вечнае жыццё засноўваецца на жывых адносінах з Богам. Пастаянным імкненнем Езуса было і ёсць усталяванне асабістых адносін з кожным чалавекам, таму Ён параўноўвае сябе да пастыра, а вернікаў да авечак. Святы Айцец заклікаў вучыцца распазнаваць голас Хрыста, адрозніваць яго ад усіх іншых, якія імкнуцца заблытаць чалавека на яго шляху да Бога.

«Сёння вяртаюцца гэтыя словы Езуса: „Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно”. У гэтых чатырох вершах заключаецца ўсё пасланне Езуса, гэта ядро Яго Евангелля: Ён заклікае нас да ўдзелу ў Яго адносінах з Айцом, і гэта ёсць жыццё вечнае», — адзначыў Папа, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Езус, працягваў Пантыфік, хоча ўсталяваць са сваімі сябрамі адносіны, якія «з’яўляюцца адлюстраваннем тых, што Ён сам мае з Айцом, адносіны поўнага ўзаемнага даверу, інтымнай камуніі». «Каб выказаць гэта глыбокае разуменне, гэтыя адносіны сяброўства, Езус выкарыстоўвае вобраз пастыра з яго авечкамі: ён кліча іх, і яны ведаюць яго голас, адказваюць на яго заклік і ідуць за ім, — патлумачыў Святы Айцец. — Што за прыгожая прыпавесць! Таямніца голасу ўражвае: мы ўпэўнены, што з матчынага ўлоння мы вучымся распазнаваць яе голас і голас таты; праз тон голасу мы адчуваем любоў ці пагарду, прыхільнасць ці халоднасць. Голас Езуса ўнікальны! Калі мы навучымся адрозніваць яго, Ён накіруе нас на шлях жыцця, шлях, які пераўзыходзіць рамкі бездані смерці».

«Але Езус у пэўны момант кажа, звяртаючыся да сваіх авечак: „Айцец Мой, які даў Мне іх...” (Ян 10, 29). Гэта вельмі важна, гэта глыбокая таямніца, якую нялёгка зразумець, — падкрэсліў Папа, — калі я адчуваю цягу да Езуса, калі Яго голас сагравае маё сэрца, гэта з’яўляецца ласкай Бога Айца, які нарадзіў ува мне жаданне любові, ісціны, жыцця, прыгажосці... і Езус усё гэта мае ўпоўні! Гэта дапамагае нам зразумець таямніцу паклікання, у прыватнасці, паклікання да адмысловай кансэкрацыі. Часам Езус кліча нас, запрашае нас ісці за Ім, але, магчыма, бывае так, што мы не разумеем, што гэта Ён, як здарылася з маладым Самуілам».

Звяртаючыся да моладзі, якая прысутнічала на плошчы Святога Пятра, Пантыфік сказаў: «Дазвольце мне спытаць: колькі разоў вы чулі голас Пана праз жаданне, неспакой, запрашэнне рука аб руку ісці за Ім? (…) Ці было ў вас жаданне быць апосталамі Езуса? Маладосць патрабуе змагання за высокія ідэалы. Вы думаеце аб гэтым? Вы гатовыя на гэта? Пытайцеся ў Езуса, чаго Ён жадае ад вас, і будзьце адважнымі!»

«За і перад кожным пакліканнем да святарства ці кансэкраванага жыцця заўсёды стаіць моцная і інтэнсіўная малітва некага: бабулі, дзядулі, маці, бацькі, супольнасці, — дадаў Пантыфік. — Вось чаму Езус сказаў: “прасіце Гаспадара Жніва, – якім ёсць Бог Айцец – каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 9, 38). Пакліканні нараджаюцца ў малітве і праз малітву (…) і толькі ў малітве могуць трываць і прыносіць плён».

Святы Айцец нагадаў, што ў гэты дзень удзяліў дзесяці чалавекам святарскае пасвячэнне. «Дзесяць маладых людзей сказалі “так” Езусу і атрымалі святарскае пасвячэнне сёння раніцай. Гэта цудоўна! Будзем прасіць заступніцтва Марыі, якая з’яўляецца жанчынай “так”. Марыя гаварыла “так” усё сваё жыццё. Яна навучылася распазнаваць голас Езуса, з пачатку, калі насіла Яго ва ўлонні. Няхай яна дапаможа нам лепш распазнаваць голас Езуса і наследаваць Яго, ідучы па дарозе жыцця!» — пажадаў папа Францішак.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.