Душпастыр польскіх вадзіцеляў: на дарозе католікі часта паводзяць сябе, як язычнікі |
29.03.2011 17:24 |
У бліжэйшую нядзелю 3 красавіка 2011 г. Каталіцкі Касцёл у Польшчы адзначыць Дзень малітвы за вадзіцеляў і пешаходаў. Гэта будзе дзень падзякі за шчасліва пераадоленыя кіламетры і нагода для разважання над духоўнасцю вадзіцеля-хрысціяніна. Нацыянальны душпастыр вадзіцеляў Польшчы кс. Мар’ян Мідура адзначае, што ў Польшчы шмат вадзіцеляў паводзяць сябе, як язычнікі. «Вешаем у машынах ружанцы, маем выявы святых, прыклейваем на кузаў знак першых хрысціянаў — рыбу, і адначасова не шануем бліжніх — іншых карыстальнікаў дарог, з’яўляемся эгаістамі, праклінаем, робім абразлівыя жэсты, не звяртаем увагі на дарожныя знакі. Такое захаванне — гэта грэх, з якога католік павінен спавядацца і адважна стаць на шлях паляпшэння», — адзначае святар. Як знак удзячнасці за бяспечныя падарожжы вадзіцелі могуць скласці ахвяраванні на набыццё аўтамабіляў для польскіх місіянераў. Арганізатары прапануюць прыраўняць адзін кіламетр дарогі аднаму грошу (каля 10 беларускіх рублёў). Раім прачытаць таксама «Як паводзіць сябе на дарозе, ці Дэкалог вадзіцеля-хрысціяніна». |