Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ушануем памяць ахвяраў дарожных здарэнняў
Каляндар
18.11.2011 10:52

На 20 лістапада сёлета прыпаў Сусветны дзень памяці ахвяраў дарожных здарэнняў, які з’яўляецца нагодай, каб ушанаваць памяць загінуўшых у выніку ДТЗ, а таксама каб нагадаць дзяржавам пра неабходнасць забеспячэння бяспекі дарожнага руху.

Гэты дзень адзначаецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН з 2005 года ў трэцюю нядзелю лістапада. Ідэя штогадовага правядзення Дня памяці ахвяраў дарожных аварый належыць «Road Peace» — брытанскаму дабрачыннаму фонду дапамогі ахвярам ДТЗ, які адзначае гэты дзень з 1993 г.

Па даных ААН, у выніку дарожна-транспартных здарэнняў штогод гіне каля 1 мільёна 100 тысяч чалавек. Яшчэ да 50 мільёнаў чалавек атрымліваюць рознага роду траўмы. Больш 50% усіх смяротных зыходаў у выніку ДТЗ прыпадае на ўзроставую групу ад 15 да 44 год.

Сярод асноўных прычын ДТЗ — перавышэнне хуткасці, кіраванне ў нецвярозым стане, адсутнасць праграм тэхнічнага агляду транспартных сродкаў і абсталявання, якія забяспечваюць бяспеку вадзіцеляў і пасажыраў.

«Свецкія і касцёльныя структуры павінны лепш каардынаваць энергію і сродкі, прапагандуючы годнасць чалавека таксама як карыстальніка дарог» — адзначаецца ў дакуменце «Указанні аб душпастырстве вуліцы» (2007 г.) Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Па традыцыі, у гэты дзень у многіх каталіцкіх парафіях Беларусі вернікі моляцца за ахвяраў дарожных здарэнняў

У гэты дзень малітвы за ахвяраў дарожных здарэнняў пройдуць ва ўсіх каталіцкіх святынях нашай краіны.

Раім пачытаць таксама «Дэкалог вадзіцеля».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.