Арцыбіскуп Гуджэроцці: Вацлаў Гавэл стаяў на баку хрысціянскіх каштоўнасцяў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.01.2012 10:40 |
Святая Імша за Вацлава Гавэла, памерлага першага Прэзідэнта Чэхіі, адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле 4 студзеня 2012 года. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. За апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі маліўся таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, святары, прадстаўнікі пасольства Чэхіі і Славакіі і шматлікія вернікі. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што Вацлаў Гавэл быў палітыкам, які заўсёды бараніў правы чалавека і стаяў на баку хрысціянскіх каштоўнасцяў. «Мы смуткуем з нагоды страты такога вялікага чалавека, палітыка, былога Прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла. Няхай добры Бог даруе яму ўсе правіны і дасць яму вечны спакой у краіне святла, радасці і вечнага шчасця», — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка. Вацлаў Гавэл — апошні прэзідэнт Чэхаславакіі (1989–1992 гг.) і першы прэзідэнт Чэхіі (1993–2003 гг.) — памёр у Празе 18 снежня 2011 года. |