Арцыбіскуп Пеццы: Ян Павел ІІ — прыклад згоды з воляй Бога |
13.10.2011 17:14 |
Да навяртання і працы дзеля дабра ў свеце заклікаў вернікаў арцыбіскуп Паоло Пеццы падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 13 кастрычніка 2011 г. у Фаціме (Партугалія). Урачыстая літургія стала часткай святкавання 94-годдзя з часу аб’яўленняў Маці Божай у гэтым горадзе. Арцыбіскуп Масквы звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце існуе патрэба ў людзях, якія «крочаць за Езусам і дзейнічаюць на аснове Яго вучэння», а таксама «наследуюць Марыю ў пакорнай згодзе з воляй Бога». «Прыкладам гэтага быў папа Ян Павел ІІ. У сваім жыцці ён шматразова паказаў, як казаць Богу „так“», — дадаў іерарх. Святкаванне 94-годдзя аб’яўленняў Маці Божай распачалося ў Фаціме 12 кастрычніка ўручэннем урны з фацімскай зямлёй прадстаўнікам Вадавіц (Польшча). Урна будзе змешчана ў вадавіцкім музеі імя бл. Яна Паўла ІІ, які знаходзіцца ў родным доме Вялікага Папы. |