Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.05.2012 12:17

13 мая 2012 г. Каталіцкі Касцёл адзначаў 95-годдзе аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме. У гэты дзень у парафіі Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах (Пінская дыяцэзія) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Вінцэнт Сеўрук, пробашч суседняй нараўлянскай парафіі.

На ўрачыстасць прыбыло шмат вернікаў не толькі з Лельчыц і з навакольных вёсак, але і з усяго Мазырскага дэканату, а менавіта з Мазыра, Калінкавіч, Нароўлі, Ельска, Грушаўкі, Хойнікаў, Жыткавіч і Мікашэвіч. Падчас Імшы па спецыяльным запрашэнні пробашча і парафіянаў спяваў хор «Паланэз» з Мінска.

На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. Віталь Мышона прывітаў духавенства і вернікаў, што сабраліся на ўрачыстасць. Святар узгадаў словы папы Бэнэдыкта XVI, якія ён прамовіў у 2010 годзе ў Фаціме: «Памыляецца той, хто лічыць прароцкую місію Фацімы скончанай». Пільна сочачы за падзеямі ў свеце, мы яшчэ раз пераконваемся ў гэтым. «Калі на просьбы мае адгукнуцца, Расія навернецца, і настане мір, калі ж не, то гэтая краіна распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, сеючы ў ім войны і пераследванні святога Касцёла; справядлівыя будуць мучанікамі, Святы Айцец будзе шмат пакутаваць, многія народы будуць знішчаны. Але ўрэшце маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе», — гучала ў пасланні Маці Божай у Фаціме у 1917 годзе. Таму актуальны заклік Маці Божай да пакаяння, да ахвяры, да практыкаванняў першых пяці суботаў месяца, да штодзённага Ружанца ў інтэнцыі Святога Айца і ў навяртанні Расіі. Пробашч пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць пабудзіла вернікаў да шчырага выканання просьбаў Маці Божай у Фаціме, наблізіла благаслаўлёную гадзіну трыумфу яе Беззаганнага Сэрца.

Гамілію прамовіў кс. Тадэвуш Волас, дэкан Мазырскага дэканату. Святар звярнуў асаблівую ўвагу на тыя пасланні і просьбы, якія Маці Божая Фацімская давала падчас сваіх аб’яўленняў, і на тое, што гэтыя пасланні і просьбы трэба не проста слухаць, але выконваць іх у сваім жыцці і рэлігійнай практыцы, каб дасягнуць вечнага жыцця. Бо жыццё заканчваецца не смерцю, але ўвакрасеннем, таму вельмі добра, што гэтая ўрачыстасць прыпадае на Велікодны перыяд, калі ўвесь свет радуецца ўваскрасенню Хрыста. Варта адзначыць, што ксёндз Тадэвуш Волас належыць да супольнасці Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і ў гэтым годзе адзначаў 25-годдзе свайго святарскага пасвячэння. Ужо шмат гадоў святар працуе ў Беларусі, а апошнія 6 гадоў апякуецца парафіямі ў Мазыры і Хойніках. За гады служэння ў нашай краіне кс. Волас працаваў таксама і ў лельчыцкай парафіі і добра вядомы ўсім мясцовым вернікам.

Таксама канцэлебраваў святую Імшу ксёндз Віктар Сініцкі з супольнасці Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. З нядаўняга часу гэты святар працуе пробашчам у Калінкавічах. Сам кс. Сініцкі паходзіць з лельчыцкай парафіі, таму і прыбыў сюды, каб са сваімі роднымі, блізкімі і знаёмымі перажыць гэтую ўрачыстасць.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гучны спеў гімна «Цябе, Бога, праслаўляем…» узносіўся як падзяка Пану Богу за перажытую ўрачыстасць. Потым адбыўся канцэрт хору «Паланэз».

Лельчыцкая парафія адрадзілася ў 1989 годзе, калі з Польшчы прыехаў у Мазыр ксёндз Юзаф Дзеконьскі і пачаў рэгулярна наведваць гэты касцёл. Пасля пробашчамі тут былі кс. Збігнеў Бояр, кс. Павел Кубік, кс. Тадэвуш Волас, кс. Вацлаў Семянюк, кс. Уладзімір Мазалеўскі. 3 2002 пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Віталь Мышона, які паходзіць з Мазыра.

У 1991 годзе благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ падчас сваёй пілігрымкі ў Польшчу асвяціў вуглавы камень пад будаўніцтва касцёла. У 1998 годзе кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новапабудаваную святыню. У парафіі дзейнічаюць Легіён Марыі і чатыры супольнасці Жывога Ружанца.

Сяргей Шаўчэнка
 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.