Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З далёкай Фацімы даносіцца звон…»: парафіяльная ўрачыстасць у Жодзіне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.10.2011 16:52

Фаціма — невялікае мястэчка на ўскрайку Еўропы, у далёкай Партугаліі. Менавіта там аб’явілася Маці Божая, чыё імя носіць парафія ў Жодзіне. Фацімскія аб’яўленні распачаліся 13 мая 1917 г. і працягваліся да 13 кастрычніка. Для жодзінскай парафіі гэтыя даты найбольш значныя.

13 кастрычніка 2011 г. парафія Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адзначыла парафіяльную ўрачыстасць. Кожны месяц, з мая па кастрычнік, у парафіі праводзіцца набажэнства, прысвечанае фацімскім аб’яўленням. Але гэты кастрычнік стаў незабыўным і найбольш узнёслым: на ўрачыстасць завітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам. Таксама на ўрачыстасць прыбылі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і сёстры з суседніх парафій.

У касцёле сабраліся не толькі парафіяне, але і прадстаўнікі дзяржаўнай улады, католікі з іншых парафій і нашы браты ў хрысціянскай веры — праваслаўныя. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кіраўнік жодзінскага гарвыканкама Міхаіл Амельнячук і яго намеснік Юрый Шарый. Прысутнічалі і кіраўнік аддзела па справах ідэалогіі Алена Гарэцкая і яе намеснік Наталля Курсевіч. Улады горада прывіталі арцыбіскупа Кандрусевіча хлебам і соллю.

Да гэтага свята далучылася не менш важная падзея: у жодзінскім касцёле з’явіўся новы драўляны крыж. Самы першы крыж, пастаўлены ў 1992 годзе, у наступную ноч быў спілаваны. На яго месцы паўстаў жалезны, які на працягу амаль 17 гадоў узвышаўся над захаванай часткай першага драўлянага крыжа. Пад канец верасня гг. намаганнямі парафіянаў гэты крыж быў адноўлены і атрымаў больш дастойны воблік. На пачатку літургіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў крыж.

Падчас святой Імшы арцыпастыр узгадаў падзеі ў Фаціме, а таксама адзначыў актуальнасць закліку Маці Божай Фацімскай у сённяшні час для вернікаў нашай краіны. Урачыстасць праходзіла ва ўзнёслай атмасферы.

Анна Журко


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме