Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый удзяліў святарскае пасвячэнне ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.02.2013 00:19

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, супольнасць марыянаў у Беларусі перажывала вялікую ўрачыстасць. Кансэкраваныя асобы дзякавалі Богу за дар свайго паклікання — ласку, якой адарыў іх Хрыстус, і прыгадвалі, што з’яўляюцца соллю зямлі, якая будзе мець смак тады, калі іх жыццё будзе напоўнена агнём Божага слова. У гэты дзень супольнасць марыянаў папоўнілася новым святаром.

У парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў святарскае пасвячэнне дыякану Віталю Даніловічу MIC. На ўрачыстасць прыбылі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыяне з усіх парафій Беларусі, а таксама з Польшчы, правінцыял айцоў марыянаў правінцыі Божага Провіду кс. Павел Навумовіч МІС з Польшчы, сёстры эўхарысткі са сваёй правінцыялкай Зоф’яй.

Пробашч парафіі кс. Міхаіл Цвячкоўскі, вітаючы Апостальскага Нунцыя, адзначыў, што ў гісторыі жодзінскага касцёла такая падзея адбываецца ў першы раз.

Да прадстаўніка Папы звярнуўся з просьбай аб удзяленні дыякану святарскага пасвячэння правінцыял марыянаў кс. Павел Навумовіч, які таксама падзякаваў усім прысутным за ўдзел у гэтай падзеі. «Мы разам стараемся ісці да Бога, разам праслаўляем Яго і імкнемся да святасці», — дадаў правінцыял.

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый. У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, згадваючы пра гісторыю гэтага свята, адзначыў, што Марыя і Юзаф прынеслі Езуса ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу. Айцы марыяне, па словах арцыбіскупа, ахвяруюць сёння Богу ў гэтай святыні маладога чалавека, і яны шчаслівыя, бо не прыносяць у ахвяру, паводле старажытнага звычаю, двух галубкоў, але «ахвяруюць значна больш — усё жыццё» чалавека.

Звяртаючыся да будучага новапрэзбітэра, Апостальскі Нунцый заўважыў, што той, складаючы вечныя абяцанні, быў падобны да Сімяона і Ганны — сімвалу народу, які шукае Божае аблічча. Гэты будучы святар, як дадаў прадстаўнік Папы, — «адзін з тых, хто шукае аблічча Бога, з іншых мужчын і жанчын, якія з’яўляюцца адлюстраваннем, вобразам Бога».

У той жа час, адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, для таго, каб быць перад людзьмі святыняй Бога, неабходна заплаціць цану болю. Звяртаючыся да дыякана, арцыбіскуп падкрэсліў, што той будзе «сведкам і ахвярай», і крыж хутка будзе ляжаць на абодвух плячах будучага святара. Дадаючы яму надзеі, Апостальскі Нунцый запэўніў яго, што яму дапамогуць несці гэты крыж Бог і супольнасць людзей. У жыцці будучага душпастыра, па словах іерарха, будуць і прыгожыя, і цяжкія часы, бо «жыццё складаецца з белых і чорных узораў».

Арцыбіскуп падзякаваў марыянам за служэнне, якое яны нясуць у Касцёле ў Беларусі, заўважыўшы, што яны — вялікі дар для нашай краіны. Прадстаўнік Папы высока ацаніў гісторыю, харызмат і ролю, якую выконваюць марыяне ў Беларусі. Ужо зараз, дадаў Апостальскі Нунцый, відаць добрыя плёны гэтага служэння — шматлікія пакліканні.

Арцыбіскуп пажадаў новапрэзбітэру па прыкладзе благаслаўлёных мучанікаў з Росіцы быць верным і адважным абвяшчальнікам Божага слова. Іерарх заўважыў, што сёння Езус пасылае маладога святара на іх месца, і параіў яму даверыцца гэтым нябесным апекунам — бо яны могуць сапраўды шмат сказаць Богу, які бачыць усё, што адбываецца на зямлі, у тым ліку і шчырую працу марыянаў.

Напрыканцы ўрачыстасці да прысутных звярнуўся новапрэзбітэр Віталь Даніловіч, падзякаваўшы Богу за тое, што даваў сваё святое слова, якое ўмацоўвала будучага святара.

Ксёндз Віталь Даніловіч паходзіць з Наваполацка, несці служэнне будзе ў Оршы.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме