20-годдзе існавання парафіі і 95-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме святкавалі вернікі Жодзіна |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.05.2012 14:29 |
13 мая 2012 г. адзначалася 95-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, калі Панна Марыя заклікала да пакаяння, навяртання сэрцаў, да змены свайго жыцця. У гэты дзень у касцёле Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбылася парафіяльная ўрачыстасць, якая супала з 20-гадовым юбілеем парафіі. Вернікі дзякавалі Богу за 20 гадоў існавання парафіі, за навяртанні і ўсе ласкі, якімі адарыў іх Хрыстус праз рукі сваёй Маці. Урачыстасць распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч. У гаміліі святар звярнуў увагу на тры аспекты, што датычаць ролі Панны Марыі ў нашым жыцці. Па-першае, як адзначыў кс. Марціновіч, Марыя можа нам дапамагаць, па-другое — яна хоча дапамагаць, па-трэцяе — яна сапраўды дапамагае і заўсёды знаходзіцца з намі. «Марыя ўвесь час дае нам зразумець, што чалавек патрабуе Езуса Хрыста. Гэта пераклікаецца са словамі Яна Паўла ІІ, які казаў: „Чалавек не можа зразумець сябе, акаляючы яго свет, іншага чалавека без Хрыста“. І яна, Марыя, не затрымлівае Езуса толькі для сябе, але ахвяруе Яго ўсяму свету. Гэтая ахвярнасць рэалізуецца ў даванні — гэтага не зразумеюць тыя, хто навучыўся толькі браць, не даючы нічога ўзамен», — падкрэсліў святар. Таксама кс. Юрый Марціновіч звярнуў увагу на тое, што трэба ўмець дзякаваць Маці Божай за ўсё, што ад яе атрымліваем. «Калісьці людзі ўзносілі святыні, будавалі вялікія алтары, пісалі гімны хвалы, такім спосабам дзякуючы і аддаючы Богу пашану. Сёння нам ніхто не кажа будаваць іншую святыню, бо дастаткова гэтай і месца хопіць усім, але трэба, каб мы ўзводзілі велізарныя духоўныя святыні ў сваіх сэрцах. А гэтую духоўную святыню мы ўзнясём тады, калі нашы сэрцы будуць перапоўнены Божай любоўю», — адзначыў святар. |
Фотарэпартаж |