Рэкалекцыі «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» прайшлі ў Жодзіне |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.10.2011 12:13 |
З 21 па 23 кастрычніка 2011 г. у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне праходзілі рэкалекцыі пад назвай «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». У рэкалекцыях прынялі ўдзел больш за 120 асобаў з розных куткоў Беларусі. На працягу трох дзён вернікі слухалі духоўныя канферэнцыі, удзельнічалі ў малітоўных набажэнствах, дзяліліся сваім перажываннем веры, разважалі над Божым словам, адаравалі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, перажывалі святую Эўхарыстыю, праслаўлялі Бога ў вячэрняй і раняшняй малітве, а таксама мелі магчымасць удзельнічаць у заступніцкай малітве і паяднацца з Богам у сакрамэнце споведзі. Паколькі план рэкалекцый быў вельмі насычаны, час праляцеў у імгненне вока. У апошні дзень харызматычных рэкалекцый удзельнікі мелі магчымасць даць сведчанне з перажытых дзён. Сваімі глыбокімі перажываннямі дзяліліся хлопцы і дзяўчаты, жанчыны і мужчыны. Шматлікія асобы выказвалі падзяку Богу за Яго дзеянне і за прагненне жыць адданна і верна паводле Яго запаведзяў. На заканчэнне духоўных практык пробашч шчыра падзякаваў парафіянам, якія па сваіх кватэрах прынялі на начлег амаль усіх удзельнікаў рэкалекцый, а таксама асобам, якія дапамаглі арганізаваць гэта духоўнае мерапрыемства. а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС |
Фотарэпартаж |