У Ірландыі прайшла акцыя пратэсту супраць легалізацыі абортаў |
21.01.2013 12:10 |
Больш за 25 тысяч чалавек прынялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць легалізацыі абортаў у Ірландыі. Акцыю «Чуванне для жыцця» падрыхтавалі ў сталіцы краіны Дубліне арганізацыі па абароне жыцця.
Як інфармуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, акцыі папярэднічала ўрачыстае набажэнства, якое ўзначаліў ардынарый Дубліна арцыбіскуп Дыярмуд Марцін.
Абаронцы жыцця спасылаюцца, між іншым, на меркаванне псіхіятраў, якія згодна сцвярджаюць, што аборт прыводзіць да большага развіцця псіхічных хваробаў.
Палеміка вакол абортаў выбухнула ў Ірландыі некалькі месяцаў таму ў сувязі з гісторыяй Савіты Халапанавар, якая памерла ў бальніцы пасля таго, як урачы адмовілі ёй у аборце. З таго часу ўрад краіны пачаў абмяркоўваць магчымасць легалізацыі аборту ў выпадку, калі цяжарнасць пагражае жыццю маці.
(AG)
|