У «Маршы за жыццё» ў Вашынгтоне ўдзельнічала рэкордная колькасць чалавек |
26.01.2013 18:54 |
Рэкордная колькасць чалавек прыняла ўдзел у «Маршы за жыццё», які прайшоў вуліцамі Вашынгтона (ЗША) 25 студзеня. Па падліках партала LifeSiteNews, у ім удзельнічалі каля паўмільёна амерыканцаў, прадстаўнікі розных веравызнанняў.
Перад пачаткам маршу ўдзельнікам даслаў спецыяльнае прывітанне праз «Twіtter» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. У ноч перад маніфестацыяй адбылося малітоўнае чуванне ў Нацыянальным санктуарыі ў Вашынгтоне, у якім удзельнічалі 5 кардыналаў, 42 біскупы, мноства святароў і каля 13 тысяч вернікаў, у тым ліку моладзь са школ і каледжаў усёй краіны.
Сёлетні марш праходзіў пад назвай «40=55». Такім чынам узгадваўся той факт, што з 1973 г., калі ў ЗША былі легалізаваны аборты, — значыць за 40 гадоў — у краіне было забіта больш за 55 мільёнаў ненароджаных дзяцей.
Маніфестанты прайшлі вуліцамі горада да будынку Вярхоўнага суда ЗША. Падчас маршу гучалі выступленні палітыкаў, а таксама сведчанні людзей, якія апавядалі аб сваім балючым вопыце, звязаным з абортамі. (AG)
|