4 лютага 2013 г., Дзяржынск
Соль зямлі і святло свету
Глыбокапаважаныя прадстаўнікі кансэкраванага і супольнасцяў апостальскага жыцця, браты і сёстры!
1. Благаслаўлёны папа Ян Павел II 26 гадоў таму на свята Ахвяравання Пана ўстанавіў Дзень малітваў аб святасці тых, хто сваё жыццё прысвяціў наследаванню евангельскіх запаветаў чысціні, беднасці і паслухмянасці. Евангелле свята Ахвяравання Папа ў Ерузалемскай святыні нагадвае пра тое, як Марыя з Юзафам згодна з законам Майсея прынеслі Немаўлятка Езуса ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу.
Сёння мы адзначаем таямніцу пасвячэння (кансэкрацыі) Хрыста, Марыі і тых, хто ахвяраваўся следаваць за Езусам, жывучы паводле евангельскіх парадаў.
Кансэкраваныя асобы праз шлюбы чыстасці, убогасці і паслухмянасці таксама асаблівым чынам ахвяруюць сябе Богу, каб служыць Яму, Касцёлу і людзям паводле харызмы сваіх заснавальнікаў. Уся гісторыя як Паўсюднага Касцёла, так і Касцёла ў нашай краіне і яго адраджэнне пасля трох пакаленняў ганенняў звязана з ахвярным служэннем законнікаў і законніц, якім выказваю сваю глыбокую падзяку і прызнанне. Цяжка было б нават уявіць магчымасць духоўнага адраджэння, евангелізацыі і катэхізацыі, арганізацыі дабрачыннасці і пілігрымак, а таксама многіх іншых касцёльных акцый без іх ахвярнага служэння. Таму сёння мы дзякуем Богу за дар кансэкраванага жыцця і яго служэння, а таксама молімся аб святасці законнікаў і законніц і аб іх далейшым плённым служэнні для Касцёла і нашага грамадства. 2. Ёсць такое кітайскае пажаданне (некаторыя кажуць, што гэта пракляцце): «Каб ты жыў у цікавы час». Час, у які мы жывём, сапраўды хоць і нялёгкі, але вельмі цікавы і напоўнены многімі выклікамі, на якія неабхона адказваць, бо інакш цягнік жыцця адыдзе без нас. А нам неабходна быць з людзьмі, каб ім абвяшчаць Евангелле і весці шляхам збаўлення. Калі гэта наказ Езуса Хрыста для кожнага хрысціяніна, то тым больш ён датычыць і кансэкраваных асобаў. Каб яго паспяхова выканаць, неабходна быць самім адпаведным чынам падрыхтаваным.
Благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі пра кансэкраванае жыццё «Vita consecrata» называе яго «іконай Перамянення Пана», бо законнае жыццё абвяшчае і папярэджвае жыццё будучага часу, калі мы зведаем яго паўнату ў Божым Валадарстве (пар. VC 14).
3. Такім чынам, кансэкраваныя асобы пакліканы быць сведкамі надзеі. Іх жыццё сведчыць аб значэнні Бога ў жыцці чалавека. Гэта асабліва важна ў наш час, калі многія жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Таму не трэба дзівіцца, што сучасны свет успрымае кансэкраванае жыццё са скептыцызмам і нават яго не разумее. На самой справе кансэкраванае жыццё — гэта не пошук самога сябе, але пошук Бога, і таму з’яўляецца знакам супрацьстаяння свету, падобна таму як ім быў Хрыстус (пар. Лк 2, 34).
Сучасны свет, а таксама нярэдка і вернікі, успрымаюць законныя шлюбы як адрачэнне ад нармальнага жыцця і абмежаванне свабоды. На самой справе яны з’яўляюцца спецыяльным прыняццем таямніцы Хрыста, які жыве ў Касцёле, не адбіраюць сапраўднай свабоды і вядуць да асаблівага Божага благаслаўлення і радасці душы. Яны ўказваюць шлях ажыццяўлення ў нашым жыцці Божай любові і шлях да духоўнай дасканаласці.
4. Мы перажываем Год веры, галоўным заданнем якога з’яўляецца аднавіць веру сучаснага чалавека і нашу місійную актыўнасць. Праз новую евангелізацыю, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла, прыгаслая вера павінна аднавіцца і запалымнець. Для гэтага нам неабходна з новай сілай абвяшчаць Евангелле збаўлення.
Кансэкраванае жыццё, як інтэгральная частка Касцёла, паклікана адыграць у гэтым працэсе сваю асаблівую ролю. Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што Год веры з’яўляецца новай нагодай для кансэкраваных асобаў, каб праз сваё духоўнае аднаўленне і вернасць евангельскім парадам удасканаліць новую евангелізацыю. Пантыфік заклікае іх крочыць за Хрыстом і быць з’яднанамі з Ім. Евангельскія парады, прынятыя як правілы жыцця, умацоўваюць веру, надзею і любоў і яднаюць з Богам, што пазітыўна ўплывае на прысутнасць і формы апостальства законных асобаў сярод людзей, а таксама на сведчанне ў сучасным свеце (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20120202_vita-consacrata_en.html).
5. Усе хрысціяне, а асабліва кансэкраваныя асобы, пакліканы да новай евангелізацыі для аднаўлення і перадачы веры. Сінод Біскупаў аб новай евангелізацыі (2012 г.) заклікае кансэкраваных асобаў да радыкальнага жыцця ў радасці паводле іх харызмаў і да сведчання першынства Бога ў іх жыцці, што і ёсць выражэннем абвяшчэння Божага Валадарства на зямлі. Евангельскае і евангелізуючае кансэкраванае жыццё ў еднасці з пастырамі Касцёла і ў супольнай адказнасці з вернікамі павінна ўносіць свой уклад у справу новай евангелізацыі (пар. NEaChFT 50).
6. Езус Хрыстус заклікае сваіх вучняў, каб яны былі соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13-14). Калі гэты заклік адносіцца да ўсіх хрысціян, то ён асабліва адносіцца і да кансэкраваных асобаў.
Мы добра ведаем значэнне святла ў жыцці паасобнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Калі б нечакана перастала свяціць сонца, то жыццё на свеце перастала б існаваць. Аднак чалавеку патрэбна не толькі матэрыяльнае святло, але і духоўнае. Ім з’яўляецца святло Евангелля, святло праўды Божай, без якой духоўнае жыццё замірае, сведкамі чаго мы нярэдка з’яўляемся.
Соль таксама адыгрывае вялікую ролю ў жыцці чалавека. Яна кансервуе прадукты, захоўвае іх ад псавання. Яна таксама дае смак ежы. Сучасны бязбожны свет патрабуе духоўнай солі, каб выратаваць яго ад духоўнага псавання. Ён патрабуе солі хрысціянства, каб захаваць яго ад знішчэння.
Цяпер мы перажываем зіму, калі ночы доўгія і шмат снегу. Зімой нам патрэбна больш святла, каб асвятляць нашы памяшканні і вуліцы, каб мы не заблудзіліся. Зімой на вуліцах і дарогах слізка. Дарогі часта пасыпаюць соллю, якая імгненна раз’ядае лёд і снег.
Сучасны чалавек, які знаходзіцца ў духоўнай цемры, халодны да веры і перажывае духоўную зіму, патрабуе евангельскага святла і евангельскай солі, каб асвятліць яго шлях і растапіць ільды нявер’я. Гэтае заданне стаіць перад Касцёлам, стаіць яно і перад кансэкраванымі асобамі. Гэтыя два элементы — евангельскае святло і евангельская соль — вядуць да балансу, бяспекі і святла ў нашым жыцці.
7. Глыбокапаважаныя кансэкраваныя асобы!
У новых абставінах нашага грамадскага і рэлігійнага жыцця, у час сапраўды цікавы, будзьце святлом свету і соллю зямлі, каб гэты цікавы час не быў пракляццем, але благаслаўленнем; каб дзякуючы вашаму ахвярнаму служэнню і прыкладу жыцця паводле евангельскіх парадаў сучасны чалавек выйшаў з цемры бязвер’я ў святло веры, захаваўся ад маральнага псавання і на прынцыпах Божай праўды будаваў сваё жыццё на хвалу Бога і для збаўлення людзей. Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
- Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Vita consecrate» (VC).
- http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20120202_vita-consacrata_en.html.
- Nova Evangelizatio ad Christianam Fidei Tradendum. Elenchus unicum propositionum, Typis Vaticanis, 23.XI.2012 (NEaChFT).
|