Прамова намесніка міністра замежных спраў РБ Алены Купчыной на прыёме ў гонар Бэнэдыкта XVI |
Ваша Эксцэленцыя, паважаныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, Праваслаўнай Царквы, шаноўнае спадарства. Я вельмі ўсцешана магчымасцю ад імя Міністэрства замежных спраў і ад сябе асабіста віншаваць сёння ўсіх прысутных з нагоды пачатку 7-ай гадавіны Пантыфікату і з 85-годдзем Дня нараджэння Яго Святасці Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI. Плённая дзейнасць Пантыфіка, накіраваная на распаўсюджванне ідэалаў хрысціянства, умацаванне каштоўнасцяў справядлівасці, дабра і міласэрнасці ва ўсім свеце з’яўляецца найлепшым прыкладам самаадданага служэння людзям. Мы вельмі ўдзячны Яго Святасці за асабістую ўвагу да развіцця адносін з нашай краінай і за добрае стаўленне да незалежнай беларускай дзяржавы. Мне вельмі прыемна адзначыць, што паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам склаліся асаблівыя адносіны сяброўства і даверу. Ватыкан для Рэспублікі Беларусь — гэта трывалы і надзейны падмурак як у двухбаковых адносінах, так і ва ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Карыстаюся гэтай нагодай, каб выказаць спадзяванні на далейшае пашырэнне супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам ва ўсіх галінах. А таксама хачу перадаць Яго Святасці пажаданне моцнага здароўя і далейшых поспехаў у выканні яго місіі. Дзякую за ўвагу! А Вам, Ваша Эксцэленцыя, хачу выказаць асабістую падзяку за шанаванне беларускай мовы і культуры. |
Адноўлена 02.07.2012 14:36 |