Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў у Чырвоным касцёле
10.06.2011 13:48
11 чэрвеня 2011 г.

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

«Жніво вялікае, але працаўнікоў мала. Прасіце гаспадара жніва, каб паслаў на яго сваіх працаўнікоў».

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы Касцёл прапануе нашай увазе сёння, калі ў мінскім Чырвоным касцёле адбываюцца святарскія і дыяканскія пасвячэнні. Гэтыя словы былі актуальнымі 2000 гадоў таму. Яны застаюцца актуальнымі сёння і будуць такімі да канца часоў. Заўсёды існуе патрэба ў святарах, якія ад імя Хрыста навучаюць, асвячаюць і кіруюць народам Божым.

Гэтыя словы актуальныя і ў Беларусі, асабліва ў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе Касцёл перажываў цяжкія ганенні на працягу трох пакаленняў і дзе ён паволі адраджаецца. Аднак гэтага адраджэння немагчыма ўявіць без святароў.

2. Сёння мы ў чарговы раз становімся сведкамі святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў. Таму задумаемся, да якой годнасці пакліканы вашы сыны, браты, сябры і блізкія.

Пачуўшы голас клічучага іх Пана, яны ў свой час адказалі на яго і скіравалі свае крокі ў семінарыю, каб там праз чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю падрыхтавацца да сённяшняга дня. Адзін з пасвячаемых у святары гэтую фармацыю атрымаў ў кармэлітанскай супольнасці. Аднак усе пакліканы працаваць для мясцовага Касцёла, бо святар бярэцца з людзей і людзям павінен служыць.

Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння два дыяканы стануць святарамі Новага Запавету, стануць тымі, хто будзе дзейнічаць ад імя Хрыста і Ягонай моцай. Няма нікога іншага, хто б меў такую моц, як святар. Ні адзін прэзідэнт і ні адзін міністр не можа адпусціць грахі ці перамяніць хлеб і віно ў цела і кроў Хрыста. Гэта можа ўчыніць толькі святар. Тое ж і з іншымі сакрамэнтамі. Такім чынам, святар становіцца інструментам у руках Хрыста, дзякуючы яму Збаўца выконвае тры наступныя функцыі: абвяшчэнне Божага слова як крыніцы веры, асвячэнне людзей праз сакрамэнты і кіраванне народам Божым праз служэнне яму.

3. Пасвячэнне ў дыяканы з’яўляецца рашучым крокам да святарства. Традыцыйна, падобна як і пры святарскіх пасвячэннях, яно адбываецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння. Дыякан мае права абвяшчаць слова Божае, хрысціць, з дазволу касцёльнай улады — благаслаўляць сакрамэнт сужэнства, благаслаўляць Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзяляць святую Камунію і адносіць віятык паміраючым, узначальваць пахаванні і іншыя набажэнствы. Асаблівая яго роля — гэта дапамога святару пры цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Слова «дыякан» паходзіць ад грэчаскага слова «дыяканія», што азначае служэнне. Дзеі Апосталаў распавядаюць пра тое, што дыяканы былі ўстаноўлены найперш для служэння.
 
4. У 20-ю гадавіну заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі Касцёл пасылае на жніво Хрыста двух новых святароў і двух дыяканаў, якім яшчэ трэба будзе завяршыць сваю фармацыю, каб стаць святарамі Новага Запавету.

Касцёл пасылае іх на жніво Пана ў асаблівы час, калі яно імкліва змяняецца. У многіх краінах, нават са славутай гісторыяй хрысціянства, заўважаецца прыглушэнне яго сэнсу. Многія вернікі замест наследавання Хрыста прымаюць рэлятывістычны стыль жыцця. Усё часцей роля веры прымае чыста культурны характар або замыкаецца ў сферы прыватнасці без уплыву на жыццё грамадства. Некаторыя жывуць так, быццам Бога зусім няма.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні папа Бэнэдыкт XVI, у сваёй гаміліі падчас канклава 2005 г. казаў, што за апошнія дзесяцігоддзі чалавецтва зведала небывалае дасюль развіццё навукі, змену ідэалагічных напрамкаў і мыслення. Хрысціянскі човен хістаецца на хвалях сучаснага секулярызаванага акіяну і кідаецца з адной крайнасці ў другую: ад марксізму да лібералізму, ад калектывізму да індывідуалізму, ад атэізму да рэлігійнага містыцызму аж па сінкрэтызм.

5. На такое жніво Касцёл сёння пасылае новых сваіх слуг. У гэтым служэнні прэзбітэр павінен быць адначасова sacerdos e hostia. Моцаю сакрамэнту святарства ён з’яўляецца святаром і той жа моцаю пакліканы быць ахвярай. Усё гэта азначае, што святара павінна ажыўляць тое самае імкненне, якое было ў Хрыста. Гэтая непадзельная еднасць паміж святаром і ахвярай, паміж святарствам і Эўхарыстыяй вызначае эфектыўнасць евангелізацыі. Ад адзінства паміж Хрыстом і Яго слугой залежыць яго дзеянне, укрытае ў Божым слове, сакрамэнтах і кіраванні вернікамі. У сваім ахвярным служэнні святар павінен не займаць месца Хрыста, а шукаць падтрымкі ў Ім. Ён таксама павінен дазволіць, каб Езус дзейнічаў у ім і праз яго. Нездарма Езус кажа: «Я вінаградная лаза, а вы галінкі. Як галінка не прыносіць плёну сама па сабе, таксама і вы, калі не будзеце трываць у Мне».

Святар як alter Chrystus павінен жыць як Хрыстус, быць дарам для людзей і знакам любові Бога да чалавека. Трэба памятаць аб тым, што нямала людзей стварае сабе вобраз Касцёла паводле прыкладу святароў. Таму неабходна, каб дзякуючы сведчанню сапраўднага евангельскага жыцця яны былі жывым і бачным вобразам Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць самому. Паслужыць усім без выключэння людзям, розных моваў, нацыянальнасцяў, сацыяльных слаёў і г. д. Яны належаць Касцёлу і маюць права на задаваленне сваіх духоўных патрэбаў. Час, калі вернікі ехалі да святара сотні кіламетраў, калі шукалі яго, прайшоў. Сёння нам, святарам, трэба шукаць вернікаў. Чаму да аднаго святара чэргі людзей, а да іншага нікога няма? Адказ вельмі просты. Першы — сапраўдны пастыр, а другі — найміт, аўтамат для выканання святарскіх паслуг.

Нельга таксама ігнараваць няправільную прыхільнасць да некаторых формаў душпастырства ў пагоні за таннай папулярнасцю. Тут трэба памятаць аб тым, што пастырская любоў не можа існаваць без пакоры і несумяшчальная з эгаізмам.

Можа здарыцца, што энтузіязм маладых святароў змяняецца засмучэннем і нават расчараваннем. Прычыны гэтага могуць быць розныя: недахоп фармацыі і братэрскай святарскай сувязі, асабістая ізаляцыя, недахоп падтрымкі з боку іншых святароў, асабістыя праблемы, занядбанне духоўнага жыцця і г. д.

Некаторыя сучасныя тэндэнцыі імкнуцца падмяніць духоўнае жыццё сацыяльнай актыўнасцю, у сувязі з гэтым паўстаюць разнастайныя тыпалогіі святара: ад сацыёлага да тэрапеўта, ад працаўніка да палітыка і мэнэджэра. У той жа час святар анталагічна звязаны з Хрыстом, і гэта сувязь вечная. Таму святар павінен быць ім паўсюды: пры алтары, у канфесіянале, на вуліцы. Без грунтоўнай духоўнасці святарская паслуга змяняецца на пазбаўлены прароцкага характару актывізм. Таму святар павінен памятаць, што ўсе пастырскія планы, якія не абапіраюцца на першынства духоўнасці і Божага культу, не маюць перспектывы.

6. Касцёл жыве пасланнем, якое атрымаў ад Хрыста. Гэтае пасланне датычыць абвяшчэння Божага слова, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне народам Божым, каб весці яго да крыніц Божай Міласэрнасці.

Таму ў вашым служэнні як святароў і дыяканаў народу Божаму вы павінны захоўваць непарушным навучанне Касцёла і адначасова шукаць адпаведных формаў пастырства, каб дайсці да сучаснага, падвержанага негатыўным уплывам секулярызму, чалавека. Таму будзьце не толькі настаўнікамі веры, але і людзьмі веры, яе сведкамі, каб дзякуючы вашаму служэнню людзі адчынілі свае сэрцы Хрысту, які ёсць адзіны Збаўца, учора, сёння і назаўсёды. Амэн.

 
Бэнэдыкт XVI: тэхніка, якая пануе над чалавекам, пазбаўляе яго чалавечнасці
09.06.2011 16:42

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў 9 чэрвеня 2011 г. даверчыя граматы новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы, якія прадстаўляюць Малдавію, Гвінею, Белізу, Сірыю, Гану і Новую Зеландыю.

 
Святы Айцец сустрэўся з дырэктарам Упраўлення ААН па справах наркотыкаў і злачыннасці
08.06.2011 17:24

8 чэрвеня 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з выканаўчым дырэктарам Упраўлення ААН па справах наркотыкаў і злачыннасці Юрыем Фядотавым.

 
Пантыфік сустрэнецца з цыганамі
08.06.2011 15:46

Каля паўтары тысячы еўрапейскіх цыган прыме на аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у суботу 11 чэрвеня 2011 г. Пілігрымка цыган у Рым прымеркавана да 150-годдзя з дня нараджэння бл. Зефірына Гімэнеса Маллы, мучаніка цыганскага паходжання, а арганізуе яе Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.

 
Жаночы геній
07.06.2011 07:00

Можна весці доўгую палеміку і дэбаты адносна месца і ролі жанчыны ў сучасным грамадстве — гэта вельмі важна. Можна прымаць новыя законапраекты, якія абараняюць правы і інтарэсы жанчын, — гэта гуманна. Аднак хто можа знайсці адказ на самае галоўнае, істотнае пытанне: Што жанчыну робіць жанчынай? У чым заключаецца геній жанчыны? І як дапамагчы жанчыне раскрыць і рэалізаваць яе прадвызначэнне?

 
Жанчына, апранутая ў сонца
07.06.2011 07:00

Яе называюць «ласкавая», «ласкі поўная». Якую ласку дае нам Марыя? Адназначна, Марыя заўсёды дае нам Езуса, дзе Сын — там і Маці. Самае цудоўнае ў жанчыне — мацярынства. Сам Бог акцэнтуе гэты факт. Марыя — Маці Божая. Таямніца ўцелаўлення Езуса Хрыста сведчыць аб вялікім даверы Бога да жанчыны.

 
Гамілія кс. Андрэя Драгуна падчас Першай святой Камуніі ў Глыбокім
06.06.2011 16:25
5 чэрвеня 2011 г.

Каханыя дзеці! Вітаю вас ад усяго сэрца, вітаю вашых дарагіх бацькоў і хросных. Вітаю вашых гасцей і ўсіх прысутных у Касцёле.
 
Пан Езус хутка прыйдзе ў вашыя сэрцы, Ён стукае ў вашы дзверы.

Я сёння стаю перад вамі, як некалі стаяў Анёл перад пастушкамі, каб абвясціць вам вялікую радасць аб нараджэнні Езуса ў Бэтлееме. Вось я таксама абвяшчаю вам вялікую радасць, што падчас гэтай святой Імшы ў вашых сэрцах народзіцца Хрыстус.

Вы сёння такія прыгожыя, з вамі прыйшлі вашы бацькі і госці, дзядулі і бабулі, хросныя і родныя. Вы сёння самыя прыгожыя у Касцёле, у белым адзенні — значыць чыстыя, як анёлкі перад тронам Бога. На вашых тварыках ззяюць усмешкі, вашы вочкі прыгожыя, а сардэчкі чыстыя. Учора сам Пан Езус праз святара ў канфесіянале прабачыў вам грахі і адарыў вас сваім благаслаўленнем.

Вы так доўга чакалі сённяшняга дня — дня вашай Першай святой Камуніі. Вы так часта прыходзілі на святую Імшу, падыходзілі да святара, і ён рабіў вам крыжык, каб вас благаславіць, а сёння вы падыдзеце да святара, каб ён даў вам святую Камунію. Сёння, калі святар пойдзе адчыняць табэрнакулюм — домік Пана Езуса, то дзверкі гэтага доміка ў першую чаргу адчыняцца для вас. І Пан Езус першы ўбачыць вашы прыгожыя сэрцы. Сёння ваш радасны дзень, дзень, які вы заўсёды будзеце памятаць. Кожны з прысутных, ксёндз пробашч, сёстры законныя, вашы мамы і таты, усе госці, памятаюць сваю Першую Камунію. Аб гэтым будзе вам нагадваць праз усё жыццё пасведчанне, якое будзеце захоўваць у сваім пакоі, і абраз над вашым ложкам.

Вы, напэўна, памятаеце з нашых заняткаў па рэлігіі, што аднойчы Пан Езус сказаў сваім вучням: «Гэта ёсць Цела Маё. Бярыце і ешце… Гэта чыніце на Маю памяць». Яго Цела з’яўляецца сапраўднай ежай, а Кроў — сапраўдным пітвом, бо Ён сам так сказаў.

Праз некалькі хвілін вы прымеце Пана Езуса ў сваё сэрца пад відам хлеба, гэта будзе той самы Пан Езус, пра якога вы чулі на занятках рэлігіі. Той самы, з Бэтлеема. Той самы, які жыў 2000 гадоў таму. Той самы, які сядзеў з апосталамі на Апошняй Вячэры. Той самы, які вучыў і аздараўляў. Гэтаму Пану Езусу моляцца людзі не толькі ў нашым Касцёле, але і ва ўсім свеце. Езус увесь час тут, у святыні: паглядзіце, каля Яго доміка дзень і ноч гарыць чырвоная лямпачка, значыць, Ён у сваім доміку — у табэрнакулюме.

Вы таксама сёння ўсе свеціцеся дабрынёю і радасцю. Для Яго вы падрыхтавалі свае сэрцы, радасныя і светлыя.
 
Цяпер звяртаюся да вас, каханыя бацькі і хросныя.

Вы маеце права і абавязак выхаваць сваіх дзяцей згодна з вашым перакананнем. Не дазвольце, каб вашых дзяцей выхоўвала школа, двор, іншыя інстытуцыі. Яны могуць перадаць вашым дзецям веды, але ніколі не дадуць прыклад веры і сведчання бацькоўскага клопату і любові.

Не паддавайцеся спакусе стварыць вашым дзецям лепшыя ўмовы жыцця за кошт страчанага сумеснага часу і ўвагі, прысвечанай дзецям. Час і ўважлівасць да дзяцей — гэта найлепшы ўклад у выхаванне. Калі жадаеце захаваць вашых дзяцей ад дэмаралізацыі і духоўнай пустаты, якія прапаноўвае сённяшні свет праз розныя асяроддзі, а нават школьныя праграмы, то дайце дзецям яшчэ больш любові, клопату, ахіляйце іх цяплом вашых рук, вашай любові, велічынёй вашай душы. Дайце ім прыклад хрысціянскага жыцця!

Вы сёння глядзіце на сваіх дзяцей з вялікім хваляваннем. Слёзы радасці зіхацяць у вашых вачах. Вашым дзецям Бог даў ласку падрыхтавацца да Святой Камуніі. Адкрыю вам таямніцу: калі вашы дзеці вытрываюць у вашай веры, вы застанецеся самымі шчаслівымі бацькамі да канца жыцця. Дзякую вам, таты, мамы, бабулі, што вы першыя былі для сваіх дзяцей катэхетамі і вучылі іх малітвам і праўдам веры.

На адной магіле я прачытаў такі надпіс: «Тут пахаваныя мае бацькі, якія далі мне хлеб жыцця і навучылі любіць Бога». Так, сапраўды, акрамя хлеба, трэба даць чалавеку Бога. Таму няхай вам благаславіць Бог у выхаванні вашых дзяцей, каб вы заўсёды вялі іх да нашай глыбоцкай святыні, каб спажывалі хлеб жыцця.
 
Каханыя дзеці! З нагоды сённяшняй урачыстасці вы атрымаеце розныя падарункі. Я таксама дам вам падарунак. Паслухайце. У адной сям’і працавала жанчына, якая вельмі любіла дзяцей. Праз нейкі час яна павінна была пакінуць гэтых дзяцей і вярнуцца ў сваю сям’ю, якая таксама чакала яе прысутнасці і дапамогі. На развітанне бацька гэтай сям’і сказаў ёй: «Жадаю вам падарыць штосьці незвычайнае, перш чым мы разлучымся. Вось ключ ад нашага дома. Для вас дзверы нашай кватэры заўсёды адчыненыя. Мы будзем заўсёды вас чакаць. Мае дзеці вас вельмі любяць». Каханыя дзеткі, я сёння даю кожнай дзяўчынцы і кожнаму хлопчыку ключ да табэрнакулюма. Пан Езус будзе заўсёды вас чакаць у касцёле. Я жадаю толькі аднаго: каб вы часта Яго прымалі ў сваё сэрца, каб размаўлялі з Ім на малітве і адчувалі Яго прысутнасць у вашых сэрцах. Ен жадае быць разам з Вамі дома, у школе, у лагеры, у пясочніцы, на вуліцы — усюды.
 
Каханыя дзеткі, я жадаю вам, каб вы заўсёды былі побач з Езусам, так, як сёння. Я давяраю вас Маці Божай у нашым цудоўным абразе. Няхай Маці Божая Глыбоцкая заўсёды вядзе вас шчасліва праз жыццё. Памятайце аб нашай святыні і тых, хто вучыў вас любіць Бога.

 
Хто мой «бліжні» ў віртуальным свеце? Папскае пасланне на Сусветны дзень камунікацый
06.06.2011 15:48

Да 45-га Сусветнага дня сацыяльных камунікацый, які адзначаўся 5 чэрвеня 2011 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне пад назвай «Ісціна, абвяшчэнне і сапраўнасць жыцця ў лічбавую эпоху».

 
Дзмітрый Зяленскі, каардынатар праекта «У абарону жыцця»: выказацца за жыццё праз творчасць
03.06.2011 20:39

«Пройдзе час, і мы даведаемся пра імёны многіх людзей, жыццё якіх змянілася пасля таго, як яны пачулі гэтае пасланне», — сцвярджае Дзмітрый Зяленскі, каардынатар канцэртнага праекта «У абарону жыцця», разважаючы аб выніках дадзенай дзейнасці. 1 чэрвеня 2011 г. гэтая акцыя адбылася ўжо ў сёмы раз. Вашай увазе інтэрв’ю з Дзмітрыем Зяленскім.

 
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Прэзідэнтам Палестынскай аўтаноміі
03.06.2011 16:41

Сітуацыя ў арабскіх краінах і на Блізкім Усходзе — вось галоўныя тэмы, закранутыя падчас сустрэчы Святога Айца Бэнэдыкта XVI і Прэзідэнта Палестынскай аўтаноміі Махмуда Аббаса. Сустрэча адбылася 3 чэрвеня 2011 г. у Ватыкане.

 
<< Першая < Папярэдняя 1521 1522 1523 1524 1525 1526 1527 1528 1529 1530 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1522 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.