Даклад а. Пятр Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю
|
17.06.2011 14:37 |
Усё з любові — св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус
Кожны з нас неаднойчы сустрэў у жыцці чалавека, які, робячы пэўнае дабро, хацеў адначасова быць вельмі дыскрэтным. Шмат такіх людзей і, як гэта кажуць, толькі зло з’яўляецца крыклівым, а дабро ціхае, не любіць разгалосся. Я таксама ў сваім жыцці зведаў такія дапаможныя далоні, часам нават не ведаючы, ад каго прыйшла гэтая зычлівасць і каму павінен быў выказаць сваю ўдзячнасць.
Але сустрэў асаблівую асобу ў гэтым сэнсе, шмат разоў чытаючы «Дзеі душы». Гэта была і ёсць св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Схіляючыся над яе перажываннямі, запісанымі ў «Дзеях душы», адназначна пачуў словы, скіраваныя да мяне і да кожнага чалавека: палюбі малыя рэчы, палюбі штодзённасць.
Сёння так і хочацца сказаць, што Тэрэза хацела, каб усё было малым і ўсё сваё жыццё хацела ўчыніць малым. Як сама сцвярджала, яна не мела здольнасці да вялікіх цнотаў, а выбірала «маленькае» дабро. Каб не быць галаслоўным, дазволю сабе ўзгадаць, як часта яна любіла дыскрэтна складаць плашчы сясцёр пасля начной малітвы, калі тыя хутчэй спяшаліся спаць. Так, быццам бы сама разумела, што шчасце ляжыць ва ўкрытасці. Якое ж гэта шчасце быць так укрытым, каб ніхто пра нас не падумаў!
Тэрэза адкрывала дыскрэцыю сэрца. Быў такі час, калі, як Марыя Магдалена шукала ля магілы адказу на пытанне, чым ёсць яе пакліканне, якім яно павінна быць, якім чынам яго рэалізаваць. Усцяж не магла знайсці гэтага адказу. Хачу быць місіянеркай, святаром, апосталам, але ж як гэта магчыма? Як магчыма, каб быць усім адразу, калі св. Павел кажа пра падзел абавязкаў у Касцёле. Як гэта магчыма?
Урэшце адкрые сэрца Касцёла, сэрца як дыскрэтнае і найбольш шляхетнае месца, і што гэтае сэрца палае любоўю, і што толькі любоў пабуджае яго да жыцця. Мае дарагія, паглядзіце, якім геніяльным і цудоўным ёсць адкрыццё, якое знаходзіць Тэрэза. Тут, у сэрцы Касцёла, магу быць усім: і святаром, і місіянерам, і доктарам, бо ў сэрцы, перапоўненым любоўю, усе гэтыя пакліканні змяшчаюцца. У сэрцы Касцёла хачу любіць і сыпаць кветкі да трону Умілаванага. Такім чынам, чым будуць гэтыя кветкі, пра якія кажа Тэрэза? Усё тое, што выходзіць з любячага сэрца, менавіта малыя нагоды, позіркі, словы, найменшыя жэсты. Гэтая святая верыць, што найменшы акт чыстай любові ёсць большы, чым усе справы Касцёла разам узятыя.
Дзіўна, як можна некага так любіць, каб перанесці нават найбольшыя пакуты. Чытаем у Евангеллі, што ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў. «Баюся ўсяго таго, што ты любіш», — сказала адна з сясцёр Тэрэзе. Але ж яна любіла толькі тыя рэчы, якія былі каштоўнымі для яе Абранніка. Яна хоча цалкам аддавацца пяшчотам Хрыста і выражае жаданне быцця мучаніцай любові. Хоча паміраць ад любові, веручы, што нішто так не патрэбна, ні вялікія справы, ні велізарныя маніфестацыі, нішто так не патрэбна, як наша любоў. З’яўляецца вучаніцай св. Яна ад Крыжа, які падказвае ёй, але не толькі ёй, але і кожнаму чалавеку, каб задумаўся, калі яго паглынае гарачка дзейнасці. Няхай задумаюцца тыя, каго паглынае гарачка дзейнасці і якія хочуць напоўніць свет сваім прапаведваннем і знешнімі справамі, што нашмат больш карысці прынеслі б Касцёлу і мілейшымі былі б Богу, калі б палову свайго часу прысвяцілі малітве і прабыванню з Богам.
Прабыванне з Богам, які спальвае яе да рэшты, было для Тэрэзы асабліва блізкім падчас апошніх дзён яе жыцця, калі выпрабоўвалася хваробай. Дазвольце, што тут аднясуся да слоў благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які, звяртаючыся да хворых і церпячых, казаў, што гэта яны з’яўляюцца найкаштоўнейшай і ўмілаванай часкай Касцёла, а іх ложкі, на якіх церпяць, з’яўляюцца быццам бы алтарамі, на якіх здзяйсняецца штодзённая ахвяра іх пакутаў.
Напэўна, свет пра іх сёння забыўся. Забыўся, што цярпенне мае найглыбейшы сэнс і заўсёды прадказвае змёртвыхпаўстанне і лепшае заўтра. Гэта дасканала разумела св. Тэрэза і ўчыніла з цярпення самы каштоўны скарб для сябе. І кажа нам, што цярпенне з’яўляецца нечым вельмі істотным, калі накіруем яго ў адпаведным напрамку. Але часта не ёсць так. Цярпенне як скарб неаднойчы прайграе, становячыся жалем, абвінавачваннем, роспаччу. Прайграе, калі канцэнтруецца на сабе і шукае сабе апраўдання. І тады Бог падасца тым, хто з’яўляецца ворагам чалавечага шчасця. А на самой справе гэта не так, бо «Бог найбольшы гонар робіць не тады, калі шмат дае, але калі шмат патрабуе». Але не толькі. Тым, хто канцэнтруецца на сваіх няўдачах і трагедыях, падказвае, што гэта мы павінны суцяшаць Езуса. Паглядзіце, якая цудоўная гэтая пастава: не закрывацца ва ўласнай прыгнечанасці і пакутах, але аддаваць гэта Богу, суцяшаць Яго, жыць Ягонымі перажываннямі. А перажыванняў Бог мае досыць. Бо шмат грэшных людзей, а кожны з іх з’яўляецца Яго асаблівай часткай, і кожнага з іх Ён асабліва палюбіў. Тэрэза ведае пра гэта і кажа, што хацела б прымусіць Бога, бо для Яго ўсё магчыма, каб збавіў усіх людзей.
Але цярпенне можа мець таксама іншае вымярэнне і можа прыняць паставу штодзённага клопату. Устаючы раніцай, казала Езусу: «Ты ўжо напрацаваўся, досыць наплакаўся падчас трыццаці трох гадоў свайго жыцця на зямлі. Сёння адпачні сабе. Цяпер мая чарга змагацца і пакутаваць».
Клопатам Езуса з’яўляецца чалавек, трываючы ў граху. Пра гэта ведала Тэрэза, бо ў гадах яе жыцця спрабавалі пераканаць, што Бог не патрэбны чалавеку. Так, казалі, што Бог ёсць, але Ён абсалютна не ёсць сябрам чалавека, больш таго, гэта непрыяцель чалавека. Не можа быць сябрам чалавека, калі адбірае ў яго свабоду, прастору жыцця. Тады казалі, што Бога трэба выгнаць з мыслення такім чынам, каб чалавек узяў зямлю ў сваю ўласнасць. Але той жа чалавек не заўважыў, што, пракламуючы смерць Бога, стаў непрыяцелем самога сябе і знішчыў самога сябе. І што той самы чалавек быў і застаецца найвялікшым клопатам Стварыцеля. У такіх часах жыве Тэрэза і дасканала гэта разумее. Таму яе салідарнасць з грэшнікамі не мае межаў. Памятаем, што яшчэ за год да ўступлення ў Кармэль горача моліцца аб збаўленні для асуджанага на смерць Пранзіні. Не баіцца асуджэння іншымі. Сама адважна заступаецца за асуджанага перад Панам. І ведаем, што гэты жудасны чалавек навяртаецца і цалуе перад смерцю крыж. А для Тэрэзы гэтага дастаткова, каб быць упэўненай у яго збаўленні і сваім пакліканні, заступаючыся за тых, якія грашаць і, магчыма, не бачаць для сябе ніякага паратунку. Яна ведае, што Пан Езус не адмаўляе ні ў чым, хто Яго любіць і просіць.
Сама, дарэчы, спаглядае на сваё жыццё не інакш, як у перспектыве вечнасці. «Не ведаю, што можна мець пасля смерці больш, чым тое, што маю ў гэтым жыцці. Калі маю быць з Езусам, то я ўся Ягоная на зямлі». Будучы ў небе, будзе яшчэ бліжэй нам, бо неба блізка, бо неба — гэта любоў, бо неба — гэта не ўцёк ад свету, але спосаб, каб яшчэ больш любіць сваіх братоў і сясцёр, а перадусім тых, якія сталіся марнатраўнымі сынамі. Святая Тэрэза не хоча ў небе браць, але хоча на зямлі рабіць шмат дабра. Хоча на зямлі правесці свой рай так доўга, як душы будуць патрабаваць збаўлення, аж да сканчэння свету. Адпачне тады, кажа, калі лічба збаўленых будзе поўнай.
Яна хоча быць у небе, як кажа, не дзеля таго, каб адпачываць, але каб гэтае неба наблізіць для кожнага чалавека, затрымаць адкрытае неба так доўга, як гэта будзе патрэбна, ажно да апошняга. Гэта цудоўны плён быцця любоўю ў сэрцы Касцёла, каб ніхто не быў асуджаны.
«Хачу маё неба перажыць на зямлі, аж да сканчэння свету. Так, хачу, каб маім небам было чыніць дабро на зямлі… Не змагу спыніцца да канца свету, пакуль душы будуць патрабаваць збаўлення, пакуль лічба выбраных будзе поўнай».
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус! Спаўняй сваё абяцанне і дапамажы нам зразумець праўду, што толькі адно патрэбна: любіць Бога і збаўляць бліжніх, каб маглі любіць Яго вечна; што ўсё можам страціць, але каб толькі ў жыцці і ў хвіліну смерці нам хапіла любові. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, маліся за нас, амэн.
|
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на 20-годдзе ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі
|
17.06.2011 13:58 |
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены
19 чэрвеня 2011 г.
«Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць».
1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтыя словы ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якую сёння адзначае Каталіцкі Касцёл, мы пачулі ў сённяшняй літургіі слова. Чалавек не здольны пазнаць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, і толькі Бог нам яе аб’яўляе. І сапраўды, як можна зразумець чалавечым розумам, што адзін раўняецца тром, бо ў Найсвяцейшай Тройцы мы праслаўляем аднаго Бога ў трох асобах, кожная з якіх таксама з’яўляецца Богам. Бог Айцец — гэта пачатак усяго. Ён адвечна нараджае Сына, які ўцелавіўся для нас і нашага збаўлення і які пасылае нам Святога Духа Суцяшыцеля, каб весці Касцёл у новую будучыню.
2. Езус Хрыстус, ведаючы, што пасля завяршэння справы збаўлення чалавецтва павінен быў адысці да дому свайго Нябеснага Айца, заснаваў Касцёл, задачай якога з’яўляецца весці людзей шляхам збаўлення. Пры гэтым словамі, якія Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18), Ён нагадаў пра тое, што Касцёл будзе існаваць вечна, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Гэтыя словы з’яўляюцца фундаментальнымі як з пункту гледжання ўстанаўлення Касцёла, так і яго дзеяў.
Другі Ватыканскі Сабор нанава адкрыў веліч і глыбіню Касцёла як народу Божага, які складаецца з вернікаў розных нацый і моваў. Слова «каталіцкі» паходзіць ад грэчаскага «каталікос», што азначае «паўсюдны». Такім чынам, Касцёл па сваёй прыродзе панаднацыянальны. Аднак у той жа час як боска-чалавечы арганізм ён знаходзіцца на канкрэтнай тэрыторыі і дзейнічае ў канкрэтных абставінах. Таму ён мае свае структуры. Гэта найперш парафіі, якія ўваходзяць у склад дыяцэзіі. Для лепшай каардынацыі працы і выпрацоўкі сумеснага пастырскага плану некалькі дыяцэзій уваходзяць у склад мітраполіі.
3. Беручы пад увагу служэнне біскупаў і іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, трэба найперш нагадаць, што хрысціянства на нашы землі прыйшло ўжо ў Х стагоддзі. Княгіня Вольга ў 959 г. звярнулася да нямецкага караля Атона I з просьбай прыслаць біскупа і святароў. На славянскія землі кароль паслаў біскупа Адальдага. У канцы X — пачатку XI стагоддзяў св. Бруно Баніфацы разам са св. Войцехам абвяшчаў Евангелле язычнікам і імі быў забіты на мяжы Літвы і Русі, гэта азначае дзесьці на захадзе ці на паўднёвым захадзе Беларусі.
На пачатку XI стагоддзя ў Тураве было заснавана лацінскае біскупства. Першым біскупам быў Райнберн.
У 1186 г. было заснавана так званае Ліёнскае (Рыжскае) біскупства. Першым біскупам часткі беларускіх і літоўскіх земляў стаў Хрысціян, катэдра якога знаходзілася, здаецца, у Навагрудку.
У XIII–XVII стст. на нашых землях будуецца шмат касцёлаў, прыбываюць францішкане і езуіты, якія засноўваюць свае цэнтры. Так, напрыклад, езуіты заснавалі дзве акадэміі — у Вільні і Полацку. У XVII стагоддзі ў Віцебску працуе біскуп Язафат Кунцэвіч. У 1720 г. былі прызначаны асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі — у Магілёве, Мсціславе і Оршы.
У 1773 г. царыца Кацярына II без узгаднення з Апостальскім Пасадам заснавала Беларускую дыяцэзію. Пасля доўгіх перамоваў у 1783 г. Апостальскі Пасад заснаваў Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію, у якую ўвайшлі ўсе каталіцкія дыяцэзіі Расійскай імперыі. У 1798 г. была ўстаноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак сітуацыя Каталіцкага Касцёла была нялёгкай. З часам пачалі зачыняцца кляштары і навучальныя ўстановы. У 1839 г. была ліквідавана Унія, а ў 1869 г. — Мінская дыяцэзія, якая была далучана да Віленскай дыяцэзіі а ў 1883 г. — да Магілёўскай. Царскі ўрад моцна супрацьстаяў рэлігійнаму жыццю Каталіцкага Касцёла, і адным з наступстваў гэтага з’яўляецца сумная гісторыя ўсё яшчэ не перададзенага вернікам Бернардынскага комплексу ў Мінску.
4. Пасля царскага талеранцыйнага Указу ад 1905 г. пачалося ажыўленне дзейнасці Каталіцкага Касцёла. У 1917 г. была адноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак пачынаючы ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнасць Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была паралізавана. У 1920 г. быў арыштаваны біскуп Мінскі Зыгмунт Лазінскі, які потым у 1925 г. быў прызначаны біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі. У 1923 г. асуджаны і рэпрэсіраваны магілёўскі арцыбіскуп Ян Цепляк. У 1926 г. біскуп Балеслаў Слосканс быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам у Магілёве, а ў 1927 г. — у Мінску. Аднак у тым жа годзе ён быў арыштаваны. Пік ганенняў — гэта 1939 г., калі былі зачынены амаль усе касцёлы, а ў 10 фармальна не зачыненых не было ніводнага святара.
У выніку зменаў межаў Беларусі пасля II Сусветнай вайны ў заходніх яе рэгіёнах было значна больш адчыненых касцёлаў і святароў. Нягледзячы на палітыку ганенняў, Касцёл трываў. У 1988 г. у Беларусі дзейнічалі 105 касцёлаў і працавалі 62 святары.
5. Аднак сацыяльна-палітычныя падзеі таго часу ў былым Савецкім Саюзе сведчылі, што час ганенняў завяршаецца.
У 1989 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп у Беларусі, а 13 красавіка 1991 г. благаслаўлёны папа Ян Павел II сваім своечасовым, мужным і правідэнцыяльным рашэннем рэарганізаваў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і дзве дыяцэзіі — Гродзенская і Пінская. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была вылучана Віцебская дыяцэзія, так што сёння ў склад мітраполіі ўваходзяць чатыры дыяцэзіі.
Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі ўнесла элемент касцёльнай стабільнасці ў Беларусі і паклала мяжу трываючай на працягу трох пакаленняў няпэўнасці, калі не было сваіх біскупаў, а толькі генеральныя вікарыі, якія прызначаліся біскупамі з-за мяжы. Уручэнне палія першаму Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Казіміру Свёнтку ў гэтым касцёле св. Сымона і св. Алены было не толькі сімвалічным жэстам, але падкрэсліла яго ўладу і сувязь з біскупам Рыма як наступнікам св. Пятра і Апостальскім Пасадам.
Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі мае таксама глыбокі тэалагічны сэнс. Кожная дыяцэзія з’яўляецца партыкулярным, мясцовым Касцёлам. Аднак гэты Касцёл праз тую ж веру, той жа культ і адзінства кіраўніцтва змяшчае і праяўляе ў сабе жыццё паўсюднага Касцёла.
6. За мінулыя 20 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі прайшоў фазу свайго станаўлення і арганізацыі неабходных структур, такіх, як парафіі, якіх каля 460; навучальныя ўстановы, сярод якіх дзве семінарыі і тры ўстановы для падрыхтоўкі катэхетаў; чатыры выдавецтвы, якія выдаюць рэлігійныя і літургічныя кнігі, катэхетычныя матэрыялы, чатыры газеты і чатыры часопісы; вэб-сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by, які займае адно з вядучых месцаў сярод рэлігійных сайтаў Беларусі; нацыянальны, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя дабрачынныя фонды «Карытас»; нядзельная радыётрансляцыя святой Імшы на першым канале Беларускага радыё і многае іншае. Колькасць беларускіх святароў узрасла больш чым у тры разы. Перакладзены на беларускую мову і выдадзены асноўныя літургічныя кнігі, а таксама многія афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла, што патрэбна для арганізацыі і правядзення набажэнстваў, фармацыі святароў, кансэкрававных асобаў і свецкіх і што таксама з’яўляецца ўкладам Каталіцкага Касцёла ў развіццё беларускай культуры. Пры парафіях арганізавана катэхізацыя дзяцей і моладзі. Развіваецца пілігрымкавы рух як да беларускіх, так і да замежных санктуарыяў. Каталіцкі Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні многіх сацыяльных праблем нашага грамадства, у першую чаргу такіх, як праблемы сям’і, аховы жыцця, прафілактыкі СНІДУ, дапамогі бедным і патрабуючым, сацыяльнай справядлівасці, выхавання моладзі на маральных прынцыпах і г. д. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой мы маем некаторыя сумесныя праграмы і стараемся сумесна адказваць на балючыя выклікі нашага секулярнага часу, а таксама сумесна сведчыць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці.
7. Разам з гэтымі і іншымі дасягненнямі і поспехамі ёсць і нямала праблем. Адной з самых балючых з’яўляецца недахоп касцёлаў і касцёльных памяшканняў. Дзякуй Богу, улады разумеюць гэтыя праблемы і даюць дазволы на будаўніцтва новых касцёлаў, асабліва ў Мінску. Аднак само іх будаўніцтва ў абставінах эканамічнага крызісу з’яўляецца нялёгкай справай.
Усё яшчэ адчуваецца недахоп святароў, і таму неабходна дапамога святароў і кансэкраваных асобаў з-за мяжы.
Многае трэба ўчыніць у галіне фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва адносна іх пачуцця адказнасці за Касцёл і хрысціянскага сведчання ў розных жыццёвых абставінах, каб яны былі хрысціянамі не толькі ў касцёле падчас набажэнства, але і за яго парогам; каб прыпадабняліся не свету, а Хрысту; каб іх публічная этыка абапіралася не на прынцыпы лібералізму, але на прынцыпы вечна жывога і актуальнага Евангелля. Жыццё паказвае, што наша грамадства маральна хворае і яго трэба лячыць.
8. Для выканання гэтага вельмі актуальнага задання неабходна новая інкультурацыя веры ў кантэкст нашай складанай беларускай рэлігійнай рэчаіснасці, якая адчувае на сабе як наступствы атэізацыі трох пакаленняў, так і працэс нялёгкага адражэння рэлігійнасці ў складаных абставінах наступаючага секулярызму і сацыяльна-палітычнай сітуацыі нашага грамадства. Крызіс, у якім мы знаходзімся, патрабуе больш вертыкальнага і «акунутага» ў Божую таямніцу позірку на нашае жыццё, каб пераадолець рызыку канцэнтрацыі ўвагі толькі на часовых рэчах і справах.
Постмадэрнісцкі маральны крызіс грунтуецца на адсутнасці матывацыі маральнага абавязку. Неабходнасць захавання фундаментальных этычных прынцыпаў падвяргаецца эрозіі на карыць пошуку матэрыяльных каштоўнасцяў, спажывецтва і жыццёвых прыемнасцяў. Сучасны чалавек паддаецца спакусе, якая грунтуецца на сумненні ў тым, што трэба жыць сумленна і бескарысна.
Таму Касцёл у Беларусі, які ўступае ў сваё трэцяе дзесяцігоддзе пасля адраджэння сваіх структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі, павінен дапамагчы людзям вярнуць этычную матывацыю іх дзеянняў. Для гэтага нельга ігнараваць публічнае значэнне веры, супрацьстаяць тэндэнцыям яе прыватызацыі і паказаць, што жыць паводле закону Божага не толькі справядліва, але і карысна для ўсяго грамадства. Толькі тады вера зможа ўнесці свой уклад у маральнае адраджэнне народа.
Французскі хрысціянскі мысліцель Антуан дэ Сэнт-Экзюперы казаў, што калі хочаш збудаваць карабель, то не кліч людзей збіраць дрэва, не падзяляй абавязкаў і не давай распараджэнняў, але вучы настальгіі да шырокага і бямежнага мора. Навучыць людзей мець настальгію да Божага закону і яго сведчыць — і ёсць самае вялікае і першаснае заданне Касцёла ў Беларусі ў наш час, бо калі Бог знікае з гарызонту чалавека, ён становіцца рабом ідэалогіі і нігілізму, як сказаў папа Бэнэдыкт XVI ў мінулую сераду, 15 чэрвеня 2011 г. (http://www.zenit.org/article-27093?l=italian).
Калі губляецца вера ў Бога, то чалавек пачынае верыць у нешта іншае, у сучасным свеце найчасцей — у моц багацця і прыемнасцяў. Пры гэтым ён думае, што, не захоўваючы Божы закон, становіцца свабодным. Гэта зусім не так, бо на самой справе ён становіцца заложнікам і рабом матэрыяльных каштоўнасцяў, амаральнага жыцця, неўпарадкаваных пазасужэнскіх сексуальных адносін, наркаманіі, алкагалізму, эгаізму і г. д.
У той жа час мы не рабы. Моцаю сакрамэнту хросту мы пакліканы да свабоды дзяцей Божых, якія жывуць паводле Божага закону, але не да свабоды ад Бога і Яго права. Менавіта да свабоды дзяцей Божых нас вядзе Касцёл.
9. Пане Божа, міласціва глянь на свой Касцёл у Беларусі — зямлі святых, сведкаў веры і мучанікаў, удзячных Богу і благаслаўлёнаму папу Яну Паўлу II за аднаўленне сваіх структур і ўстанаўленне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама папу Бэнэдыкту XVI за пастаянны клопат аб ім, які спявае свой «Magnificat», бо сапраўды вялікія рэчы ты яму ўчыніў і чыніш. Дай яму ласку, каб, уступаючы ў новы этап сваёй дзейнасці, вёў да новай інкультурацыі веры ў сучасным жыцці нашага грамадства, мужна адказваў на выклікі часу, паглыбляў еднасць чалавека з Богам і іншым чалавекам у духу любові і ўзаемнай пашаны, дапамагаў чалавеку не баяцца жыць паводле Божага закону і станавіцца святым нашага часу.
Старая прыказка кажа, што дочкамі ўдзячнасці з’яўляюцца радасць і надзея. Няхай жа сённяшнія ўрачыстасці і падтрымка нашых апекуноў, Маці Божай Будслаўскай і св. Арханёла Міхала, спрыяюць узрастанню радасці і надзеі ў нашым жыцці, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), на хвалу ў Тройцы адзінага Бога і для збаўлення людзей. Амэн.
|
Падзячны ліст біскупу Антонію Дзям'янку ад Папскай рады «Cor Unum»
|
14.06.2011 16:10 |
Папская рада «Cor Unum»
N. 77/728/11 Ватыкан, 11 красавіка 2011.
Ваша Эксцэленцыя дастойны біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ
Ваша Эксцэленцыя,
Наша рада атрымала копію ліста, які Каталіцкі Касцёл у Беларусі праз сваю раду па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру накіроўвае да ўсіх вернікаў з нагоды 25-годдзя выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
Папская рада «Cor Unum» дзякуе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за ахвяраваную магчымасць ад імя Святога Айца выказаць шчырую падзяку ўсім тым, хто на працягу шматлікіх гадоў у Беларусі, а таксама ў далёкіх краінах — у Еўропе, Амерыцы і іншых месцах — з годнай захаплення ахвярнасцю і працяглай вернасцю прыкладаў намаганні дзеля аказання дапамогі ахвярам катастрофы, асабліва дзецям. Гатоўнасць і мабілізацыя, якія выклікала гэтае трагічнае здарэнне ў асобах і шматлікіх арганізацыях, без сумніву з’яўлялася матэрыяльнай і духоўнай падтрымкай пацярпелым, асабліва самым безабаронным, а таксама стала зернем дабра, якое прынясе вялікі плён як для тых, хто прымаў дапамогу, так і для тых, хто ахвяраваў гасціннасць і любоў.
Просячы матчынага заступніцтва Марыі, Маці Божай, сэрца якой заўсёды блізкае тым, хто паступае паводле любові да бліжняга, асабліва да самых маленькіх іх братоў, яшчэ раз дзякуем усім і кожнаму, і застаемся адданымі.
З вялікай павагай Робэр кардынал Сара, старшыня Папскай рады «Cor Unum»
Кс. прэлат Джаванні Пьетра Даль Тоза, сакратар рады
|
|
|